Пратэст супраць вайсковых вучэнняў «Захад-2017». Выніковы рэпартаж «Белсату»


Акцыя сталася першаю, пасля гучных вясновых пратэстаў і на іх фоне, выглядала не вельмі шматлюднаю. Але на думку арганізатараў яна адбылася. Удзельнікі пратэсту пачалі збірацца ў цэнтры Менску на Кастрычніцкай плошчы а 19 гадзіне. Ад самага пачатку акцыі наш тэлеканал працаваў у жывым эфіры.

«Гэта акцыя папярэджання, мы найперш папярэджваем тыя замежныя войскі, якія апынаюцца на нашай зямлі, ад уцягвання Беларусі ва ўзброеныя канфлікты з нашымі іншымі суседзямі», – заявіў арганізатар акцыі, палітык Мікола Статкевіч.

Акцыя праходзіла пад дэвізам «Вызвалім краіну з-пад унутранай акупацыі, не дапусцім знешняй агрэсіі» і была прымеркаваная да ўгодкаў бітвы пад Воршай у 1514, самай значнай перамогі войскаў Вялікага княства Літоўскага над Масквою.

Акцыя наўпрост звязаная з вучэннямі «Захад 2017»

Арганізатары звяртаюць увагу на тое, што вучэнні ідуць у брыво беларускай Канстытуцыі, паводле якой нашая краіна імкнецца да нейтралітэту, а не да разгортвання на сваёй тэрыторыі войскаў суседняй Расеі, якая ваюе з Украінаю ды паглыбляе канфлікт з Захадам.

«Вучацца ваяваць на нашай зямлі, навучацца, вывучацца, а потым захочуць, магчыма, і паваяваць. Я не кажу пра тое, што могуць пакінуць базы захоўвання на нашай зямлі. Не выключаны такі сцэнар, што застануцца тут і вайсковыя базы», – зазначыў Статкевіч.

Прысяга свабоды

Яшчэ адзін кантэкст сённяшняга дня, 25 годзе вайсковай прысягі, якая прымалася ў 1992 годзе ў сталіцы беларускімі афіцэрамі. Удзельнікам гэтай акцыі Статкевіч таксама прапанаваў прыняць прысягу свабоды.

Беларуска-расейскія вучэнні «Захад 2017» распачнуцца на наступным тыдні з 14 да 20-га верасня. Яшчэ напярэдадні кіраўнік краіны загадаў сілавікам перастаць апраўдвацца за будучыя манеўры.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum