Пратэст «дармаедаў» спрабуюць пераўтварыць у крымскі сцэнар?


Падчас бадай самага масавага пратэсту за апошнія 25 гадоў у Віцебску, некаторыя асобы спрабавалі выкарыстаць акцыю дзеля антыбеларускіх ідэяў – праслаўляючы Расею. Падтрымання ў пратэстоўцаў падобныя заявы не атрымалі. А эксперты задумаліся: што гэта было? Правакацыя асобных людзей, ці спраўджванне настрояў беларусаў?

Мясцовыя правакатары ці засланыя з-за ўсходняй мяжы казачкі?

Адзінага меркавання адносна трох мужчынаў, якія напярэдадні спрабавалі падбухторыць удзельнікаў Маршу недармаедаў у Віцебску славіць Расею, няма. Міліцыя ж ані на правакацыйныя лозунгі, ані на расейскую вайсковую форму аднаго з правакатараў не зрэагавала, а таму няма і меркавання афіцыйнага.

«Тут важны баланс: важна не пераацэньваць і не недаацэньваць. Мы бачылі, што гэта былі некалькі чалавек, што іх ніхто не падтрымаў, што гэта былі нейкія маргінальныя асобы, за якімі не было і не адчувалася ані арганізацыі, ані сілы. Таму празмерна баяцца і крычаць – на дадзены момант, гэта не адэкватна», – супакойвае Эдуард Пальчыс, стваральнік сайту «1863Х.com».

Віцебск – гэта беларускі Данбас?

Аднак і прывезці пару дзясяткаў «гастралёраў», каб учыніць тут «крымскі сцэнар», пра што, дарэчы, гаварылі і правакатары на віцебскім мітынгу, таксама вялікай праблемы няма: абласны цэнтр фактычна мяжуе з Расеяй. Дый у пошуках заробку да ўсходніх суседзяў ездзяць многія мясцовыя жыхары, стомленыя беларускай няшчыміцай. Дык можа і сапраўды горад на Дзвіне мае ператварыцца ў беларускі «Крым» ці «Данбас»?

Жыхары Віцебску – не супраць анексіі?

«Усё залежыць ад таго, якія сродкі і сілы будуць укідваць у гэтае мерапрыемства. Крый Божа, вядома ж!».

«Я падтрымліваю Пуціна ў тым, што ён трымае Лукашэнку вось так! Я баюся на камеру гэткія рэчы гаварыць, так што..».

«Я, канешне, быў бы рады, каб абʼядналіся. Таму што, як ні круці, але беларусы, расейцы, ну і ўкраінцы – адна славянская нацыя!».

«Калі вы маеце на ўвазе – перайсці на бок Расеі, то не. Мы незалежныя, яны незалежныя – папросту дапамагаць адзін адному!».

– мяркуюць віцябляне.

Разгойдваць сітуацыю намагаюцца ў Гомлі

Словы «Спасіба Пуціну!» і «Расія нас спасёт!» гучалі і з трыбуны тамтэйшага Маршу недармаедаў 19 лютага. Аднак асноўная маса гомельскіх пратэстоўцаў прарасейскія лозунгі таксама не падтрымала, а вось «Жыве Беларусь!» раз-пораз скаланала паветра.

Зрэшты, шматтысячныя праўкраінскія маршы праходзілі і ў пазней акупаваным Данецку. А таму пытанне, чаму беларускія сілавікі, улічваючы балючы досвед суседзяў, не гасяць першыя правакацыйныя іскры магчымага пажару, застаецца актуальнае.

Яны не ведаюць, як рэагаваць на іх. Затрымаць іх? Ну вось шасцём «нодаўцам» яны выдалі штраф, то бок намагаюцца ставіцца да іх як да іншых. Тых жа трох, якія крычалі «Слава Расеі!» – пасадзіць іх фармальна няма за што. Таму, відаць, яны папросту скідваюць гэта: маўляў, пакуль загаду ад Галоўнага, самай высокай асобы няма, то навошта нам ствараць інфармацыйныя нагоды?», – упэўнены спадар Пальчыс.

Вось толькі скінуўшы адказнасць з сябе сёння, ці не занадта высокай можа стацца адказнасць заўтра?

Валеры Руселік, «Белсат», фота: Наша Ніва