Пратэст берасцейцаў супраць небяспечнага заводу працягваецца


Пратэст супраць пабудовы акумулятарнага заводу пад Берасцем працягваецца. Супраць патэнцыйна небяспечнага аб’екту сабралі больш за 15 тыс. подпісаў.

Пазіцыя ж уладаў застаецца нязменнаю: завод прайшоў усе неабходныя экспертызы і будзе цалкам бяспечным.

Падпісацца супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу сёння можна было ў дзевяці месцах у Берасці. Пры гэтым подпісы збіралі і на агітацыйных пікетах некаторых кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах.

«Агітуем за нашых кандыдатаў у дэпутаты, ад БСДП і кампаніі “За наш горад”, і таксама, безумоўна, збіраем подпісы за забарону будаўніцтва акумулятарнага заводу», – кажа Ігар Маскоўскі, кандыдат у дэпутаты ад БСДП Грамада.

Ягоны аднапартыец, таксама кандыдат у дэпутаты Сяргей Мазан заўважае:

«Таму што такія рэчы, як будаўніцтва акумулятарнага заводу, трэба абмяркоўваць з людзьмі, якія жывуць каля яго. Гэта не было зроблена, а зараз робіцца няшчыра – проста каб адчапіцца».

«Белсат» неаднаразова паведамляў аб пратэстах супраць будаўніцтва берасцейскага акумулятарнага заводу «iPower» бізнесоўца Віктара Лемяшэўскага. Жыхары Берасцейшчыны, з якімі правялі абмеркаванне толькі пасля шырокага асвятлення тэмы медыямі, не пагаджаюцца з высновамі дзяржаўных эколагаў наконт бяспекі свінцовых выкідаў. Яны патрабуюць правесці незалежную экспертызу або спыніць будаўніцтва заводу.

На сходзе ў вёсцы Тэльмы-1 уласнік заводу Віктар Лемяшэўскі пераконваў, што ён пакажа ўсе дакументы, датычныя экалагічнай бяспекі праекту, а таксама прапаноўваў зазірнуць і на іншыя ягоныя заводы. Што праўда, ані ў Белаазёрску, ані ў Пінску блогерам не былі радыя.

Да таго ж, як высветлілася, падманулі неабыякавых берасцейцаў не толькі на словах, але і ў лічбах.

«Нам казалі, што тры кілаграмы выкідаў на год будзе. Але ж яны няправільна перавялі секунды ў гады і грамы ў тоны! Адпаведна, калі самастойна ўзяць іх пратакол і перавесці гэтыя лічбы, мы бачым, што выходзіць там 12 кілаграмаў [выкідаў]. То бок у чатыры разы падманваюць!» – абураецца валанцёр Міхаіл Галуза.

А гэта, вядома, абурае жыхароў Берасця.

«Ёсць жа зоны адчужэння – нашыя гэтак званыя эколагі кажуць, што там сеяць можна, садзіць. Ну дык няхай яны там заводы гэтыя паставяць!» – кажа жыхарка гораду.

Іншая заўважае:

«Вядома, што атрымаецца. Галоўнае – захацець. Бо людзі супраць. Усе!».

Уцямнага адказу ўладаў на пытанні берасцейцаў, як можна спыніць праект ці хаця б перанесці патэнцыйна небяспечны завод падалей, дагэтуль няма. А значыць, што і подпісаў «супраць», і абураных грамадзянаў будзе рабіцца толькі больш.

«Людзі вельмі актыўна падпісваюцца. То бок амаль кожны мінак падыходзіць і ставіць подпіс, або кажа, што ўжо паставілі і праходзяць далей», – распавядае кандыдат у дэпутаты ад АГП Аляксандр Кабанаў.

«Белсат» працягне сачыць за тэмай.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu