У дзіцячы садок на Случчыне ходзіць шэсць дзетак. Яго закрываюць


Адказ на пытанне «дзеці ці грошы» відавочны для жыхароў, але не для чыноўнікаў Капыльскага райвыканкаму: апошнія прапануюць дзеткам дабірацца штодня ў суседні – за 7 кіламетраў.

У вёсцы Праснакі, што на Случчыне, садок дзейнічае з 2012-га – яго адкрывалі з помпаю, прыязджала нават дзяржаўнае тэлебачанне. Цяпер мясцовыя ўлады хочуць закрыць установу нягледзячы на пратэсты жыхароў.

Афіцыйная прычына – неўкамплектаванасць установы, якую цяпер наведваюць шасцёра дзетак. Цягам апошняга года мясцовыя жыхары змагаюцца супраць гэтага рашэння.

У Праснаках жывуць 300 чалавек, сярод іх – шматдзетныя сем’і. Мясцовыя ўлады прапаноўваюць ім вазіць дзетак у школу ў іншую вёску Грозава аўтобусам.

Яўгенія Уласевіч з Праснакоў кажа, што «гэта далёка, а аўтобус не прызначаны для такіх дзяцей».

Жыхар вёскі Вячаслаў Марціноўскі кажа, што ў яго праз працу «не атрымаецца штодня вадзіць дзяцей у садок за 7 кіламетраў».

Пра тое, што дзіцячы садок павінен быць побач з хатай, казаў нават Лукашэнка.

«Аддаў дзіця – і пайшоў працаваць, – заяўляў Лукашэнка. – У сферу адукацыі выдзяляюцца вялізарныя бюджэтныя сродкі».

Але гучныя словы, нават калі яны гучаць з самага верху і на ўсю краіну, часам застаюцца толькі словамі. Аддзел адукацыі Капыльскага райвыканкаму ў размове з «Белсатам» не змаглі адказаць на пытанне, ці ёсць шанец захаваць садок. «Інфармацыя па гэтым пытанне будзе праз тыдзень», – кажа прадстаўніца Капыльскага райвыканкаму Алена Міхайлоўская.

Вяскоўцы, аднак, не маюць намеру чакаць рашэння зверху.«Мы чакаць не будзем – будзем пісаць звароты старшыні раённага выканкаму, каб умяшаўся. Як гэта – на дзецях ашчаджаць?», – кажа Раман Сімановіч, жыхар Праснакоў.

Літаральна днямі спадар Раман стане шматдзетным бацькам. А ўвосень сям’я плануе аддаць у садок сярэдняга сына. І гэтая сям’я, і іншыя, што жывуць у вёсцы Праснакі, спадзяюцца, што чыноўнікі нарэшце пачнуць выконваць уласныя абяцанні.

Валерыя Уласік