Пракуратура незадаволеная мяккімі прысудамі апазіцыянерам


Прысуд двухтыднёвай даўніны для Вячаслава Сіўчыка, не задаволіў пракурора Партызанскага раёну Менску Сяргея Барысенку. Br 1035 штрафу ў выпадку такога частага парушальніка адміністрацыйнага заканадаўства – недастаткова, мяркуе пракурор, які нават не займаўся справаю палітыка.

І сёння суддзя Менскага гарадскога суду Максім Лапко пастанавіў даць яшчэ адзін шанец сваім калегам з Партызанскага раёну, каб тыя вызначылі больш справядлівае, на іхнае разуменне, пакаранне. Так артыкул аб парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў прадугледжвае таксама адміністрацыйны арышт.

«Як пажартаваў калісьці мой адвакат, суддзі ў нас незалежныя, але яны чытаюць прэсу. Дык вось той суддзя, што прысудзіў штраф Сіўчыку, недастаткова добра пачытаў прэсу, таму новы суддзя будзе вельмі ўважліва сачыць за чаканнямі, якія ідуць ад іншых рэпрэсіўных органаў», – кажа палітолаг Алесь Лагвінец.

Не толькі штрафы, але і турма

Акрамя шэрагу штрафаў, на 15 содняў за ўсё тую ж акцыю 8-га верасня супраць беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад-2017», ужо асуджаныя палітыкі і актывісты Павал Севярынец, Андрэй Шарэнда і Яўген Афнагель. 10, 7 і пяць содняў арыштаў атрымалі Уладзімір Някляеў, Наталля Папкова і Мікола Статкевіч адпаведна. Вячаслаў Сіўчык упэўнены, што афіцыйны Менск адчувае, што можа сабе дазволіць усё больш свабоды ў здушэнні пратэставага руху.

Лукашэнку чакаюць на саміце Усходняга Партнёрства ў Бруселі

«Еўразвяз сёння проста не ў стане вярнуць поўнамаштабныя санкцыі, або проста нават прыпыніць пэўныя кантакты, калі будуць такія яскравыя прыклады аднаўлення рэпрэсіяў. Мы бачым, што сітуацыя знаходзіцца ў штатным рэжыме для ўладаў і яны спадзяюцца, што гэта ніяк не паўплывае на іхныя намаганні атрымаць грошы з Захаду», – тлумачыць рэпрэсіі Лагвінец.

Захад абмежаваўся руціннай заявай занепакаення пасля жорсткага хапуна ў Дзень волі, задаволіўся прыпыненнем абсурднай справы «Белага легіёну», хаця дэ-факта 14 ні ў чым не вінаватых асобаў правялі за кратамі ад двух да чатырох месяцаў. Штрафы ж і адміністрацыйныя справы, мусяць выглядаць на гэтым фоне чымсьці не істотным.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Vadim Rymakov / ITAR-TASS / Forum