Праграма Лукашэнкі ў справе мадэрнізацыі правалілася. Што далей?


«Мадэрнізацыя – гэта пытанне выжывання нашай эканомікі. А раз эканомікі, значыць і нашай дзяржавы», – Аляксандр Лукашэнка.

За 4 гады – з 2011-га да канца 14-га – Беларусь скіравала ў мадэрнізацыю прамысловасці $ 30 млрд. У найбліжэйшыя чатыры гады – з 2017-га да 20-га – на Дзяржаўную праграму мадэрнізацыі прамысловага комплексу плануецца скіраваць у 10 разоў меншую суму. І хоць згаданая праграма – не адзіная, што займаецца фінансаваннем мадэрнізацыі, адмыслоўцы канстатуюць трывожны трэнд: абʼём сродкаў, якія дзяржава здольная ўкладаць у інвестыцыі, з года ў год катастрафічна змяншаецца.

Аляксандр Лукашэнка запусціў маштабную кампанію

Галоўныя задача праграмы – бюджэтная мадэрнізацыя шэрагу галінаў прамысловасці ў 2008-ым годзе. 2013-ты, названы Годам мадэрнізацыі, меў стацца тэрмінам атрымання выніку ад гэтых інвестыцыяў.

Айчыннае апрацоўванне дрэва, пасля ўкладання ў яго $ 2 млрд., працягвае працаваць у мінус. Паводле апошніх адкрытых звестак, па выніках першага паўгоддзя летась са стратамі спрацавалі ўсе мадэрнізаваныя прадпрыемствы дрэваапрацоўвання апрача аднаго. «Івацэвічыдрэў» выйшаў на нуль. Усе яны сёлета працягваюць падтрымлівацца дзяржаваю.

«Праграмы развіцця прамысловасці, якія прымаліся раней, у апошнія тры гады проста абваліліся», – зазначыў эканаміст Леанід Фрыдкін.

Адзіным вынікам мадэрнізацыі прамысловасці за апошняе дзесяцігоддзе сталася тое, што знос яе абсталявання знізіўся з 66 % у 2005-ым годзе да 40 % у 2015-ым. Іншымі словамі, беларускія падаткаплатнікі заплацілі палову гадавога ВУП нашай краіны за тое, каб флагманы айчыннае прамысловасці маглі, хоць і са стратамі, але працягваць працаваць ды выплочваць заробкі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: gp.by