Аб'ектыў 24.01.2017 Прагнеш нарадзіць другое дзіця? Заплаці падатак на дармаедства!


Агрэсіўна сустрэлі чыноўнікі журналістаў, што прыехалі ў вёску Пракісель у Холмецкім сельсавеце на Гомельшчыне. Прадстаўнікі медыяў хацелі паразмаўляць тут з гэтак званымі дармаедамі. Аднак хутка выявілася, што тэма «лістоў шчасця» застаецца пад грыфам «сакрэтна».

«Што вы прыехалі сюды свае законы ўсталёўваць?!», – накінуўся на журналістаў кіраўнік КСУП «Агракамбінат Холмеч» Сцяпан Юшкевіч.

Кожны дзясяты – дармаед

А гэта мясцовая пошта – установа, якая выклікае апошнім часам трывогу значнай часткі тутэйшых. Менавіта сюды адзін за адным прыходзяць позвы на спагнанне падатку аб дармаедстве. »Лісты шчасця« атрымалі ўжо больш за 10 % жыхароў Пракіселя. І гэта далёка не канец.

«Мне прыйшло 360, сыну 180 рублёў», – кажа жыхарка вёскі пракісель Святлана Гулай.

Жанчына і ейны сын не могуць уладкавацца на працу, бо яе папросту няма.

«Штаты набраныя на фермах. Людзі там не патрэбныя. Людзі прыходзяць, а іх не бяруць. Куды ісці?», – абураецца спадарыня Гулай.

Украінка, якая жыве ў Расеі, таксама атрымала разлік за дармаедства

Адзінае месца, якое працаўладкавала частку мясцовых, – агракамбінат «Холмеч». Аднак прадпрыемства з розных прычынаў вымушанае скарачаць колькасць працоўных месцаў. Большасць моладзі з Пракіселю і навакольных селішчаў зʼехала ў пошуках працы. Але і іх не абмінуў падатак на «дармаедства». Мясцовая жыхарка Святлана Коваль распавяла, што «ліст шчасця» атрымала яе нявестка, грамадзянка Украіны, прапісаная ў вёсцы, якая афіцыйна працуе ў Расеі.

Або працуй цяжарнай, або плаці падатак

Лік асобаў, якія трапілі ў чорны спіс, працягвае мясцовая жыхарка Святлана Цубатава. Дзяржава прызнала жанчыну дармаедкаю за тое, што тая вырашыла нарадзіць другое дзіця.

Падатковая дрэнна працуе

Прэзідэнцкі дэкрэт № 3 »Аб сацыяльным утрыманстве« ужо атрымаў сярод жыхароў краіны тытул антынароднага. Згодна з дакументам, асобы, якія не бяруць удзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, мусяць плаціць падатак. На думку праваабаронцаў, дэкрэт ударыў па самых слаба абароненых грамадзянах.

«Падатковая кепска папрацавала, калі складала гэтыя спісы. Гэта для падатковай дадатковая праца, ім таксама яна не падабаецца, таму і атрымалася праз пень калоду. У выніку паведамленні прыходзяць людзям, якія не маюць ніякага дачынення да дэкрэту № 3», – зазначыў праваабаронца Васіль Палякоў.

Кіраўніцтва «Агракамбінату Холмеч» не бачыць праблемы ў дэкрэце

Віну за існую сітуацыю ўскладаюць на плечы людзей.

«Калі ж яны адмовіліся працаваць. Што за імі бегаць? Усім была прапанаваная праца!», – упэўнены спадар Юшкевіч.

Агулам у Беларусі лісты шчасця атрымалі больш за 400 000 асобаў. Пераважная большасць гэтак званых дармаедаў пакуль не заплаціла падатку. Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці заклікаюць жыхароў краіны далучыцца да маршаў пратэсту супраць дэкрэту. Акцыі нязгоды плануюць правесці ў лютым і сакавіку.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары