Аб'ектыў 20.02.2016 Прадпрымальнікі рыхтуюцца да Плошчы


Грамадскія актывісты Алесь Макаеў і Вячаслаў Сіўчык з прыгодамі зʼездзілі ў Светлагорск і распавялі «Белсату» пра сваё затрыманне.

https://www.youtube.com/watch?v=d88SJrUnPgo&feature=youtu.be

Прэвентыўна затрымалі ды пратрымалі ў пастарунку некалькі гадзінаў. Уначы на чыгуначным вакзале Светлагорску ажно восем працаўнікоў мясцовага АМАПу арыштоўвалі грамадскіх актывістаў Алеся Макаева і Вячаслава Сіўчыка.

«Абсалютна беспадстаўна затрымалі, зацягнулі ў светлагорскі РАУС ды пратрымалі тры гадзіны, пакуль увесь транспарт не зʼехаў у Менск. Мы папросту апынуліся ў горадзе ноччу, а як тры гадзіны мінула, нас, натуральна, выпусцілі, і прыехалі толькі цяпер, на 10 гадзін пазней, чым мы б прыехалі, калі б улады не займаліся дробнымі пакасцямі», – распавядае лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

У Светлагорску ён разам з Алесем Макаевым сустракаліся з мясцовымі прадпрымальнікамі, каб абмеркаваць сітуацыю вакол указу N 222 аб абавязковай сертыфікацыі тавараў. Бачна, што іх там чакалі, кажа Вячаслаў.

«У Светлагорску машына, на якой мы мусілі ездзіць па Гомельскай вобласці, была пашкоджаная. Знялі пярэднія колы і паставілі замест іх дошкі. Гэта заняло шмат часу, каб знайсці новую машыну і ажыццявіць тыя захады, дзеля чаго мы туды паехалі», – працягвае Вячаслаў Сіўчык.

Тым часам беларускія прадпрымальнікі не могуць гандляваць ужо амаль два месяцы. Рынкі не працуюць, а пратэсты адбываюцца па ўсёй краіне.

Ужо паслязаўтра гарадзенскія гандляры плануюць сабрацца на плошчы Леніна, як і ў мінулы панядзелак, каб патрабаваць ад мясцовых уладаў скасавання ўказу. А на сталічную акцыю, таксама запланаваную на 22-га лютага, апоўдні, лідары прадпрымальніцкага руху запрашаюць усіх салідарных з беларускімі іпэшнікамі.

«Пакупнікоў, спажыўцоў. Розныя катэгорыі насельніцтва – важныя ўсе. Бо гэта салідарнасць мусіць быць у Беларусі», – мяркуе Алесь Макаеў.

Першая сёлета масавая акцыя пратэсту прадпрымальнікаў прайшла на сталічнай Кастрычніцкай плошчы ў мінулы панядзелак. Паводле розных ацэнак, у мітынгу, які падтрымалі ў тым ліку апазіцыйныя палітыкі, паўдзельнічалі ад некалькіх соцень да тысячы чалавек.

Віталь Бабін

Глядзі таксама
Каментары