Прадпрымальнік: «Хочам людзьмі звацца!»


Прадпрымальнікі працягваюць пратэсты ў беларускіх гарадах, рыхтуючыся 22 лютага зноў сабрацца ў цэнтры Менску.

Маскоўскі суд сталіцы выпісаў чарговы рахунак за салідарнасць! Больш за 27 млн рублёў штрафу мусяць заплаціць удзельнікі акцыі ў падтрымку прадпрымальнікаў. Мітынг адбыўся амаль месяц таму – 18 студзеня. Аднак пратэставыя настроі толькі растуць. Прадстаўнікі малога бізнесу не проста плануюць новыя выступы, але і заяўляюць пра гатовасць далучыцца да маршаў апазіцыі.

Каля двух дзясяткаў прадпрымальнікаў у Пінску сабраліся на сход, каб звярнуць увагу мясцовай «вертыкалі» на свае праблемы. Аднак замест увагі чыноўнікаў прыцягнулі цікавасць з боку міліцыі і АМАПу, прадстаўнікі якога пільна назіралі за пратэстам. Але людзі, даведзеныя да адчаю, маўчаць ужо не маглі.

«Трэці месяц я без працы, як і іншыя тут прысутныя прадпрымальнікі. Я адна выхоўваю траіх дзяцей, двое з якіх на платным навучанні», – кажа прадпрымальніца Наталля.

Праз гадзіну мітынгавання каля адміністрацыі гораду, да людзей выйшаў намеснік старшыні выканкаму Міхаіл Самалазаў, якому гандляры перадалі ліст з патрабаваннямі.

«Мы хочам проста працаваць! Мы хочам жыць у нашай краіне! Мы хочам плаціць падаткі! І хочам быць людзьмі, каб да нас ставіліся як да людзей, а не як да быдла!» – агучвае прэтэнзіі пінскі прадпрымальнік Аляксандр.

Пратэставалі сёння і ў Берасці.

Прысутныя прадпрымальнікі абмеркавалі вынікі ўчорашняй сустрэчы працоўнай групы пры Мінэканомікі і пастанавілі працягваць ціск на ўлады, да зʼяўлення канкрэтных крокаў, а не абяцанняў.

«Агульным сходам прадпрымальнікаў прынятае рашэнне, што ў сакавіку мы не працуем. Не плацім падаткаў, і не выходзім на працу. І гэта будзе да той пары, пакуль не будзе нейкіх зрухаў», – заўважае Алена Кустус з Берасця.

Лозунг, які вядомы з часоў прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, сёння атрымлівае другое дыханне. Менавіта пад такім заклікам прадпрымальнік з Баранавічаў Мікалай Чарнавус плануе правесці агульнабеларускі мітынг, заяўку на які падаў у адміністрацыю гораду на 7 сакавіка.

«Ну надакучыла гэта ўсё! Бо на гэтай гуме можна і ў ДТЗ трапіць!» – распавядае «Белсату» па тэлефоне Мікалай Чарнавус.

Тым часам, прынамсі частка дробных гандляроў са Светлагорску падтрымае вулічную акцыю 25-га сакавіка, прымеркаваную да Дня Волі, якую ладзіць апазіцыя. Такое рашэнне прынятае пасля таго, як на Кастрычніцкую плошчу ў Менску ў панядзелак падтрымаць ІПшнікаў прыйшлі палітычныя актывісты і лідары апазіцыі.

«Зразумелі, што пратэсты гэтыя нагадваюць пратэсты рэзервацыі, пратэст адной групы, куды іх загналі. А каб вырашыць свае праблемы, трэба выходзіць на іншы ўзровень» – кажа светлагорскі прадпрымальнік Анатоль Змітровіч.

Улады ж спрабуюць збіць хвалю пратэстаў чарговымі судовымі працэсамі. За адзін з пікетаў падтрымання прадпрымальнікаў, што адбыўся 18-га студзеня ў сталіцы, сёння суд Маскоўскага раёну Менску пакараў штрафам на агульную суму больш за 26 млн рублёў актывістаў Артура Адамяна ды Ніну Багінскую, а таксама лідарку віцебскіх гандляроў Ірыну Яскевіч і старшыню Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку.

«Я сказаў, калі мне спатрэбіцца яшчэ раз выйсці, у знак салідарнасці з прадпрымальнікамі, я гэта зраблю!» – абяцае Анатоль Лябедзька.

Ужо на панядзелак – 22-га лютага – прадпрымальнікі плануюць зноўку вярнуцца на Кастрычніцкую плошчу сталіцы.

Юрый Салодкі