Аб'ектыў 05.07.2018 Прадпрыемствы Лукашэнкі пакідаюць людзей у беднасці


Аздаравіць не ўдалося, таму Эканамічны суд Віцебскай вобласці прызнаў банкрутам Шумілінскае райспажыўтаварыства і адкрыў супраць даўжніка ліквідацыйную вытворчасць. У РАЙПА 147 крэдытораў і амаль 2 мільёны долараў доўгу. Мяркуецца, што пасля продажу актываў хопіць грошай на пакрыццё пазыкаў. Але адкуль узялася такі велізарны доўг?

РАЙПА – пержытак савецкага ладу, падобна, не ў стане перажыць ва ўмовах беларускага эканамічнага цуду. Бо ўсё больш раённых спажывецкіх таварыстваў прыходзіць у заняпад ды банкрутуе. Эканамічны суд Віцебскай вобласці прызнаў банкрутам Шумілінскае раённае спажывецкае таварыства. Але жыхары Шуміліна аб закрыцці крамаў РАЙПА асабліва не шкадуюць.

Жыхары Шуміліна:

«У РАЙПОўскай краме там рабіць не было чаго. Апошнім часам дык увогуле ўсё пуста было».

Да таго ж кошты былі вышэйшыя, чым у іншых камерцыйных крамах. Магазіны Райпа не могуць пахваліцца і асартыментам, бо ў крэдыт вытворца ім не прадае тавар, а расплочвацца за яго часта няма чым. Вядома, што ў такім выпадку пакупнік пойдзе ў камерцыйную краму. Менеюць прыбыткі, але стала растуць выдаткі на ўтрыманне крамаў – даражэе святло і паліва, якое выкарыстоўваецца для аўталавак і даставак тавару.

«У свой час дзяржава падтрымлівала крэдытамі, датацыямі, але апошнім часам гэтага не адбываецца. І вось вынік – на камерцыйныя рэйкі РАЙПА не перайшло, а сацыяльную функцыю рэсурсы скончыліся здзяйсняць. Вынік – банкруцтва», – кажа старшыня рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

Крэдытная запазычанасць Шумілінскага РАЙПА складае амаль чатыры мільёны рублёў (Br 3,97 млн), сярод якіх і запазычанасці працаўнікам. Гэтак напрыканцы мінулага года ў РАЙПА працавала 59 чалавек, цяпер пасля аптымізацыі засталося 32, сярод якіх амаль палова – 14 – знаходзяцца ў сацыяльным адпачынку па даглядзе за дзіцём. Што будзе пасля банкруцтва з працоўнымі і ці атрымаюць яны заробкі, антыкрызісны кіраўнік нам распавесці адмовіўся.

Як і адмовіўся распавесці пра дакладныя прычыны банкруцтва. Крыху больш гаваркімі аказаліся жыхары Шуміліна.

Жыхары Шуміліна:

«Уверсе вырашаюць за нас».

«Што спецыяльна развалілі – я гэта дакладна ведаю».

Не выключана, бо развал ці банкруцтва РАЙПА не азначае цалкам завяршэння дзейнасці.

«Яны зараз адчыняюць даччыныя прадпрыемствы без пазыкаў і пераводзяць дзейнасць на гэтыя прадпрыемствы», – кажа Віктар Маргелаў.

Толькі ці будуць іншыя прадпрыемствы больш эфектыўнымі, калі застануцца ў тых жа руках і з тою ж схемаю дзейнасці? Кіраўнікоў РАЙПА прызначае дзяржава, а там, дзе жывуць за аклад, а не з прыбытку няма асаблівай матывацыі павялічваць даходы.

Вольга Старасціна belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары