Прадпрыемства не хоча плаціць жанчыне за дзіця-інваліда


Маці з Горадні намагаецца, каб працадаўца вярнуў грошы, якія 20 месяцаў не выплачваў у якасці дапамогі за сына-інваліда.

Прадпрыемства сцвярджае, што жанчына сама вінаватая, бо своечасова не падала патрэбных дакументаў. Хто мае рацыю, а хто вінаваты ў гэтай сітуацыі, высвятляў Міхась Ільін.

Вольга Макарэвіч – маці з Горадні, якая адна гадуе 10-гадовага сына з інваліднасцю першай групы. Максім мае захворванне Віллебранда.

«У яго праблемы са згусальнасцю крыві. А таксама дыягназ вузельчыкавай гіперплазіі левага наднырачніка, які дае ўскладненні ў выглядзе гіпертаніі. Яна выклікае крывацёк, які мы спыняем у дзіцячай больніцы дарагім прэпаратам – «Актанатам» (Octanat)», – распавядае Вольга Макарэвіч.

У лютым 2016 года, як толькі сын атрымаў інваліднасць, маці падала неабходныя дакументы на працу – прадпрыемства «Горадняпрамбуд». З гэтага часу ў жанчыны быў меншы адпрыбытковы падатак і выплочвалі матэрыяльную дапамогу да Дня інваліда. Прайшло больш за паўтара года, перш чым Вольга даведалася пра непрыемныя падрабязнасці.

«У снежні 2017 года я атрымала ліст з упраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Ленінскага раёну гораду Горадні. Там была інфармацыя пра ўсе ільготы і выплаты, якія належаць маці, што гадуе дзіця-інваліда самастойна. І тут мне стала зразумела, што адзін з відаў дапамогі мне ніхто ніколі не выплачваў», – працягвае Вольга Макарэвіч.

«Белсат» паспрабаваў атрымаць каментар бухгалтэрыі прадпрыемства, але цягам двух дзён на тэлефанаванні ніхто не адказаў. Маці ж Максіма звярнулася сюды асабіста. Ёй адказалі, што ў 2016-м годзе яна не падала дадатковай пісьмовай заявы. Цяпер жа можа забыць пра грошы.

«Я здзівілася, бо тлумачэнняў мне ніхто ніякіх не даваў. То бок мяне ўвялі ў зман у 2016-м годзе. Сказалі, што мне нічога не надаецца, і я спакойна жыла так 20 месяцаў. Падставаў не давяраць спецыялісту ў мяне не было, бо гэтая бухгалтарка працуе не першы год, менавіта гэтая жанчына – сябра камісіі дзеля прызначэння дзяржаўных дапамог», – кажа Вольга Макарэвіч.

Гутарка ідзе пра суму каля 4 тысяч рублёў. Між тым Максіма лячылі за мяжою. Каб аплаціць медычныя паслугі, маці залезла ў пазыкі, таму гэтыя грошы не былі б для сям’і лішнія.

Праваабаронца Ігар Банцар кажа, што правы маці несумненна былі парушаныя. Аднак ён лічыць, што зроблена гэта было ненаўмысна:

«Думаю, што гэта хутчэй за ўсё была халатнасць. Але ж вы ведаеце, як у нашай краіне прынята: рука руку мые, таму ніхто не прызнае сваёй памылкі. Лягчэй прызнаць вінаватаю гэтую жанчыну, чым пагадзіцца з памылкаю падначаленага, які займае нейкую пасаду».

Вярнуць грошы жанчына паспрабавала праз суд. Аднак суд першай інстанцыі прыняў адмоўнае для яе рашэнне. Цяпер жа справу накіравалі ў абласны суд. Разгляд касацыі пройдзе ў бліжэйшы панядзелак.

Міхась Ільін, belsat.eu