«Праблема глабальная». Зламаўся трэці мост за месяц


У выніку прасядання бетоннай пліты, мост, які праходзіць над меліярацыйным каналам у горадзе Чашнікі, прызналі аварыйным. Камісія па надзвычайных сітуацыях мясцовага райвыканкаму дазволіла праязджаць па мосце транспарту вагою не больш за 2 тоны. Аўтобусы і грузавыя машыны да чашніцкага ільнозаводу і вёскі Браздзецкая Слабада пускаюць у абход.

Аб’езд павялічыў шлях да іх на 17 кіламетраў

«Пенсіянерам у больніцу далёка дабрацца, і ў краму старым і ўсюды. А тут такая далячынб! Паспрабуйце без аўтобуса! Гэта невыносна! Не ведаю, чаго яго закрылі. Ну зразумела, стары, але трэба яго рабіць! Калі закрылі яго, то трэба адрамантаваць і хай скажуць нам, у якія тэрміны яны гэта зробяць!», – абураецца жанчына.

Мясцовыя жыхары ўстрывожаныя, што да іх не змогуць прыехаць рэйсавыя аўтобусы і аўталаўка. Крама ў вёсцы зачыненая, а школа, шпіталь і дзіцячы садок ёсць толькі ў саміх Чашніках.

Спачатку ацэняць стан мосту

Затым пачнецца рамонт – абяцае начальнік аддзелу жыллёва-камунальнай гаспадаркі Чашніцкага райвыканкаму Андрэй Дробыш. Ён заверыў, што рэйсавыя аўтобусы і аўталаўка да ільнозаводу і Браздзецкай Слабады хадзіць будуць. Калі ж па мосце адновяць рух грузавікоў, прадстаўнікі мясцовых уладаў сказаць пакуль не ў стане.

Мост праз меліярацыйны канал быў пабудаваны ў 1950-м годзе і апошні раз рамантаваўся 30 гадоў таму. Аднак мост – не адзіная праблема жыхароў Браздзецкай Слабады.

Стан дарог у вёсцы проста жудасны

«Мы тут жывем ужо гадоў дваццаць, і дарога заўсёды з такімі калдобінамі. Людзі сабе машыны б’юць, трактары ездзяць – усё разбіваюць. Праблема глабальная. Можа, у бюджэце грошай няма – хто ведае», – дзеліцца тутэйшая кабета.

Мост у Чашніках – ужо трэці, прызнаны аварыйным за апошні месяц. 7-га снежня ў выніку расколіны ў пралёце перакрылі мост праз Прыпяць у раёне Жыткавічаў. Каб спалучыць два берагі, вайскоўцы вымушаныя былі пабудаваць пантонную пераправу. А 3-га студзеня пасля пашкоджання арматуры аварыйным прызналі мост праз Сож на трасе М8. Праязджаць па ім дазволілі аўтамашынам, вага якіх не перавышае 5 тонаў.

Аляксандр Папко, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum