Аб'ектыў 20.01.2017 Пра што казаў Трамп падчас сваёй інаўгурацыйнай прамовы?


Злучаныя Штаты Амерыкі маюць новага кіраўніка. Скандальны мільярдэр Дональд Трамп у сваёй першай прамове ў якасці 45-га прэзідэнта ЗША паабяцаў зрабіць краіну, цытата, «вялікай, багатай і бяспечнай». Аднак не ўсе амерыканцы ўважліва слухалі новага лідара. Частка з іх удзельнічала ў масавых пратэстах супраць уласна Дональда Трампа. Праігнаравалі цырымонію перадачы ўлады і дзясяткі кангрэсменаў ад Дэмакратычнай партыі.

Заканадаўства Злучаных Штатаў вызначае толькі тры неабходныя пункты ў цырымоніі інаўгурацыі

Дзень – 20-га студзеня, гадзіну – апоўдні паводле мясцовага часу, і тэкст прысягі. Астатняе – справа густу новаабранага прэзідэнта і амерыканскіх традыцыяў. Кшталту той, што будучы гаспадар Белага Дому традыцыйна наведвае мемарыял Абрагама Лінкальна.

Любоў Трампа

«Я люблю вас, паверце мне. Мы ўсе стаміліся глядзець на тое, што адбываецца ў нашай краіне. Мы хочам сапраўдных пераменаў. І я смела гляджу ў заўтрашні дзень. Гэта будзе штосьці нечуванае. Вашынгтон запоўнены людзьмі!», – падзяліўся новаабраны прэзідэнт.

Трамп унёс уласныя папраўкі ў тое, як выглядае прэзідэнцкая інаўгурацыя

Урачысты парад скарочаны ўдвая, а традыцыйных прэзідэнцкіх баляў будзе ўсяго тры, а не дзесяць, як тое было пасля прысягі Барака Оўбамы. Магчыма, прычына ў тым, што цэлы шэраг знакамітасцяў адмовіўся выступаць на інаўгурацыйным канцэрце, а ўва ўрачысты дзень чакаецца дождж. Абраны прэзідэнт напярэдадні быў увасабленнем упэўненасці.

«Можа, будзе дождж – можа, не будзе. Мне ўсё адно. Не важна. Так, насамрэч – хай нават сабе будзе дождж, бо тады людзі пабачаць, што ў мяне сапраўдныя валасы і з імі ўсё ў парадку. Можа, яны будуць разбэрсаныя, але гэта мае сапраўдныя валасы», – фанабэрыўся спадар Трамп.

Урачыстасці на фоне пратэстаў

Напярэдадні і сёння – у чаканні інаўгурацыі Доналда Трампа ў цэлым шэрагу штатаў аднавіліся пратэсты супраць абранага прэзідэнта. У Нью-Ёрку на мітынгу выступілі такія галівудскія зоркі, як Элек Болдўін, Робэрт дэ Ніра, Джульяна Мур і Шэр.

«Мне ўсё адно, што ён зробіць, але я ніколі не думаў, што ён зможа прабіцца ў Вашынгтон. Гэта дрэнны прыклад для краіны і для гэтага гораду, нашага гораду. Абраны прэзідэнт назваў нашую краіну – сметнікам усяго свету. Сурʼёзна? Гэтыя вялізарныя масы дыхаюць свабодна ў ЗША для таго, каб працягваць будаваць нашую вольную краіну!», – абураўся Робэрт Дэ Ніра.

Трамп стаў адмоўным рэкардсменам грамадскае падтрымкі ў дзень інаўгурацыі

Паводле апошніх апытанняў, яна дасягае 40 %. Для параўнання: Барак Оўбама чатыры гады таму мог пахваліцца больш як 70 % падтрымкі. Выглядае, што нашмат лепшы вынік у Трампа ў Расеі. Пра спадзяванні палепшыць дачыненні з ЗША пры новым прэзідэнту спадзяюцца як афіцыйная асобы, гэтак і простыя мінакі.

А што ў Расеі?

«Я чакаю, што выправяцца дачыненні з Расеяй, як бы без усялякіх санкцыяў, якія нікому не патрэбныя».

«Я, напрыклад, лічу, што калі будзе Трамп, то ён прынамсі адэкватная асоба, і будзе намагацца выправіць дачыненні з намі. І ён паспрабуе гэта зрабіць, калі яго не забʼюць. Мы ўжо проста баімся, што яго проста забʼюць! Як Кенэдзі».

– выказаліся жыхары Масквы.

З нагоды інаўгурацыі Трампа маскоўская крама «Армія России» абвесціла зніжку 10 адсоткаў. А ювелірныя майстры Златавусту нават адбілі серыю кілаграмовых срэбных і залатых манетаў. На іх дэвіз ЗША «In God We Trust» – «Верым у Бога», заменены на «In Trump We Trust» – з вераю ў новага амерыканскага лідара.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Reutes / Forum

Глядзі таксама
Каментары