Агляд спартовых навінаў


Першы п’едэстал Гладчанкі

І трэці чалец нацыянальнай зборнай Беларусі па фрыстайле ў лыжнай акрабатыцы – Станіслаў Гладчанка – даў рады ўзняцца на п’едэстал Кубка свету ў гэтым сезоне, стаўшы срэбным прызёрам на спаборніцтвах у амерыканскім Дыр-Вэлі.

Нагадаю, першы ж пункт правядзення Кубка планеты гэтага сезону прынёс адразу два медаля: «золата» у кітайскім Бэйда-Лэйк дасталася Антону Кушніру, а на наступны дзень Максім Гусцік прымаў віншаванні з «бронзаю». Гладчанка распачынаў паволі – 28-ы, затым 15.

І вось у Злучаных Штатах здолеў дацягнуцца да медаля, саступіўшы больш за 14 балаў кітайцу Ці Гуан Пу. Гусцік тут заняў пятае месца. Кушнір старту не прымаў, а ў дзяўчат – бязрадасна. Аляксандра Раманоўская толькі 18-ая. Выгуляла тытулаваная аўстралійка Ладыя Ласіла, якая і ў 35 гадоў вельмі эмацыйна ўспрыняла свой поспех. 10 лютага лыжныя акрабаты выступяць у карэйскім Бо- Кўангу, а на 25 лютага запланаваны этап Кубка свету ў Раўбічах пад Менскам.

Гуляць расхацелася

Дзейны чэмпіён краіны і лідар сёлетняга чэмпіянату Беларусі па хакеі з шайбаю ў Экстралізе – менскае «Юнацтва» – нечакана прагуляла на сваім лёдзе «дынамаўцам» з Маладзечна 2:5, пасля таго, як літаральна ў мінулую пятніцу «мядзведзі» разграмілі «зубранятак» 5:0.

«Мы своечасова стрымалі пагрозы супраціўніка, і выстаялі, своечасовымі заменамі давялі гульню да перамогі», – кажа Дзмітрый Краўчанка, галоўны трэнер «Дынама-Маладзечна»

Прычым гаспадары на «Чыжоўка-Арэне» адкрылі лік і выгулялі першы перыяд 1:0. Але, як далей сталася, менчукі ў гэты вечар больш, чым на дубль 33-х гадовага расейска-ўкраінскага нападніка Андрэя Міхнова не былі здольныя. У гасцей на гэты выпадак знайшоўся свой серыйны форвард, 19-ці гадовы нарадзінец Берасця Руслан Васільчук, на рахунку якога таксама дзве шайбы. Выгуляўшы па плюс два ў другім і трэцім перыядзе, маладзечанцы дагналі паводле набраных пунктаў салігорскі «Шахцёр», які чацвёртага лютага зноў саступіў, прагуляўшы «Нёмну» на сваім лёдзе 0:2. А гарадзенцы наблізіліся да «Юнацтва» у табліцы на адлегласць чатыры пункты.

Збудавалі камандную перамогу

У Менску разгулялі Кубак Беларусі па футзале. У фінале сустрэліся даўнія канкурэнты – чэрвеньскі «Будаўнік» ды «Саюз-Энерга» з Бабруйску. Дружына з Меншчыны, яна ў бела-сіняй форме, была пераканальная з лікам 4:1.

Перамогу каментуе Аляксандр Яроміч, лепшы гулец матчу:

Гэта праца ўсёй каманды, усе заслужылі гэтую перамогу і ва ўсіх аднолькавае ўкладанне. І тая статуэтка, якую мне ўручылі як найлепшаму гульцу… лепшы гулец – гэта нашая каманда.

Дагэтуль у сезоне «Будаўнік» і «Саюз» ужо сустракаліся двойчы. У чэмпіянаце перамаглі бабруйцы – 2:1. А з кваліфікацыйнай групы Кубка «Саюз» выйшаў з 1-га месца… А пераможца Кубка – прэтэндуе на дубль у сезоне, бо «будаўнікі» лідаруюць у чэмпіянаце. «Саюз» адстае ад канкурэнта на… ды ідзе на другім месцы.