Аб'ектыў 23.04.2018 Помнікі развальваюцца, а адказнасці ніхто не нясе


Спадчыне Радзівілаў у Беларусі апошнім часам не шанцуе. На мінулым тыдні два аб’екты сур’ёзна пацярпелі, адбыліся абвалы. «Белсат» рабіў сюжэт пра тое, што ў Лідскім раёне могуць знесці рэшткі комплексу, у якім Радзівілы планавалі зрабіць сваю рэзідэнцыю. У іншай рэзідэнцыі Радзівілаў, ужо ў Баранавіцкім раёне, абваліліся дзве сцяны.

У вёсцы Паланечка абваліліся дзве сцяны флігелю палацу Радзівілаў. Участак абгарадзілі вяроўкай.

«Грохат страшны быў. Я яшчэ адразу паглядзеў – добра, што тут ніхто не хадзіў, тут жа звычайна дзятва шастае. А гэты раз нікога не было. Гэта дзесьці а гадзіне 4–5 дня было», – распавядае мясцовы жыхар Андрэй Зімніцкі.

Палац паўстаў у XVII стагоддзі як рэзідэнцыя Радзівілаў, пазней перабудоўваўся. Ён пацярпеў у Другую сусветную вайну, але быў адрамантаваны, у ім размясцілі школу-інтэрнат. Будынак заставаўся ў добрым стане, пакуль школу не закрылі.

«Тут грошай уваліць, гэта трэба шалёна. Каб яго аднавіць хаця б да таго, як было. Нават да закрыцця, пакуль яе не закрылі, вокны стаялі, але ж як усё – усё пазразалі, павырывалі, трубы, падлогі пазрывалі. Якое-ніякое, але хоць будынак быў», – кажа Зімніцкі.

Пасля разбурэння сценаў на месцы пабывала камісія райвыканкаму, якая прыйшла да высновы, што пагрозаў далейшага абвалу няма.

Помнік гісторыі і культуры належыць дзяржаве, і ахоўваецца дзяржавай. Але калі такія рэчы адбываюцца, рэальнай адказнасці не нясе ніхто.

Мясцовыя жыхары з болем глядзяць, як знішчаецца будынак. Кажуць, што месца прыцягвае вялізную колькасць турыстаў.

«Гэта ж таго самага Радзівіла. Едуць, глядзяць, шкадуюць. З-за мяжы прыязджалі, адусюль, і з Расеі, усялякіх каля нас шмат праехала. Мы кажам, каб жа гэта адбудавалі – ды ехалі, глядзелі, ну то была б карысць. І дзяржаве было б, і людзям. А так жа ні вам, ні нам, нікому няма, усё раскідалі«, – абураецца жыхарка Паланечкі Тэрэза Мяноўская.

Аб’ект з 2013 года выстаўляецца на аўкцыён

Аднойчы яго прадалі, але забралі назад з-за таго, што фірма «Спецактыўбуд-інвест» не выплаціла ўсіх грошай за яго своечасова. Іншых ахвочых набыць не знайшлося. Кошт шмат разоў зніжаўся. Чарговы раз помнік будзе прадавацца ў канцы траўня з паніжэннем на 80 адсоткаў і будзе каштаваць 19 210 рублёў.

«Яны сказалі, што 29 траўня, напэўна, палацу ніхто не выкупіць, і ў далейшым якраз-такі ў планах прадаць за адну базавую велічыню, альбо прадаць на кошт нейкай арганізацыі», – кажа краязнаўца Кацярына Казлова.

Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што ў аб’екту хутка знойдзецца гаспадар, які зможа паклапаціцца пра помнік. Да таго ж палац мае вялікі турыстычны патэнцыял.

«Калі ўжываць у турыстычным маршруце Нясвіж – Мір і Паланечку, то гэта б стаў такі залаты шлях для турыстаў у нашай краіне. Гэта вельмі выгадна, бо побач шмат файных месцаў: Завоссе – радзіма Адама Міцкевіча, Ішкальдзь – самы стары касцёл у Беларусі, наш касцёл таксама выдатны», – мяркуе Кацярына Казлова.

Пакуль жа палац занепадае.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары