Стэлу ў гонар міліцыі ў Глыбокім адкрываў чэкіст


Пакуль у Беларусі нібыта няма грошай на манументы нацыянальным героям, улады ставяць новыя помнікі – у гонар міліцыі. Напярэдадні помнік міліцыянта з матацыклам з’явіўся ў Гомлі, а ў Глыбокім урачыста адкрылі памятную стэлу.

Чалавек у форме чэкіста чытае тэкст наркома Рыкава: «Рабочая міліцыя знаходзіцца цалкам і выключна пад кантролем рабочых і салдацкіх дэпутатаў».

Вось так, на вачах засмучаных школьнікаў, уяўны чэкіст адкрываў помнік міліцыянтам у Глыбокім. Нагода – 100-ыя ўгодкі арганізацыі расейскімі камуністамі міліцыі, каторую чамусьці называюць беларускай.

«Мы ўрачыста адкрываем стэлу, прысвечаную 100-годдзю арганізацыі беларускай міліцыі. Падобныя падзеі вельмі важныя для ўсіх нас, асабліва для моладзі», – адзначыў падчас урачыстасці старшыня Глыбоцкага райвыканкаму Алег Морхат.

Стэла паўстала ў цэнтры гораду, у парку Перамогі. І, як вынікае са словаў мясцовага начальства, мае ключавое значэнне для гарадскога краявіду.

«Гэтая стэла мае быць тут. Стэлу вырабілі ў найкарацейшыя тэрміны, нехта ўжо не верыў у гэта, але гэты нехта б ужо не працаваў і не быў бы тут», – дадаў Морхат.

Між тым, глыбоцкі краязнаўца Уладзімір Скрабатун лічыць: устаноўка стэлы, прымеркаванай да 100-годдзя заснавання савецкае міліцыі, не толькі недарэчная, але ім абразлівая – у 1941 годзе НКВД расстраляла 2000 вязняў Глыбоцкае турмы, а пасля вайны менавіта савецкія міліцыянты вывозілі мясцовых сялянаў у Сібір.

«Да 39 года былі пад палякамі. І не было Глыбокае ў БССР. Растлумачце мне, з якой рэальнасці выдумалі такую дату менавіта да Глыбокага?», – пытаецца краязнаўца Уладзімір Скарабутан.

На адкрыцці помніка раздалі падзякі. Адметна, што адзначэнне атрымаў таксама капітан міліцыі Сяргей Цырбан, па ініцыятыве якога складаліся пратаколы на журналіста Змітра Лупача. Між тым, адкрылі помнік міліцыянтам таксама і ў Гомлі. Зрэшты, праваахоўнік, сапраўды патрэбная і паважаная прафесія ў кожнай краіне свету. Толькі вось дзейнасць унутраных органаў грамадзяне ацэньваюць па рознаму.

«Я думаю, што сістэма органаў унутраных справаў заслугоўвае, каб манумент быў у Гомлі», – мяркуе мясцовы жыхар.

«Я сам міліцыянт, так што заслужана, нават вельмі», – кажа іншы гамяльчук.

«Раней быў адзін участковы на 10 вёсак, і быў парадак, зараз іх 10 – і бардак», – разважае жыхар Гомля.

У апошнія два гады міліцыя адзначаецца масавым адкрыццём помнікаў. Апроч манументаў у Гомлі і Глыбокім, увесну гэтага года ў Менску ўшанавалі царскага гарадавога, яшчэ раней у Магілёве адкрылі помнік чэкістам.

«Цяжка сказаць, для чаго вось гэтая хваля з помнікамі. Можа быць Шуневіч. Можа быць Шуневіч такім чынам хоча адбяліць імідж МУСу і за бюджэтныя грошы выстаўляе тут помнікі», – кажа лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч.

Між тым, калі гаворка ідзе пра помнікі нацыянальным героям, улада адказвае – грошай на іх няма. Гэтак, летась у Слоніме не знайшлося сродкаў на помнік слонімскаму старосце, аўтару Статуту ВКЛ канцлеру Льву Сапегу. А ўстаноўку помніка Якубу Коласу ў родных для яго Стоўбцах, чыноўнікі лічаць немэтазгодным.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»; Фота вокладкі – tut.by