Польшча гатовая адмяніць візы для беларусаў


Новапрызначаны амбасадар Польшчы сустрэўся з журналістамі ды распавёў пра прыярытэты сваёй місіі.

Між іншага, Артур Міхальскі закрануў пытанні забеспячэння правоў польскай дыяспары і шэнгенскіх візаў для беларусаў.

«Павелічэнне рознага кшталту культурных ініцыятываў, ушанаванне нашай агульнай мінуўшчыны. Таксама вельмі важным ёсць эканамічны кампанент. Літаральна ўчора прысутнічаў на падпісанні дамовы пра паляпшэнне інфраструктуры мастоў на беларуска-польскай мяжы», – заявіў Міхальскі.

Пытанне, якое, бадай, больш за ўсё цікавіць грамадзянаў Беларусі, – візы. Летась польскія консульствы выдалі іх беларусам ажно 418 тысячаў, прычым 53 тысячы – працоўныя. І гэта – столь магчымасцяў кансулатаў.

Варшава папрасіла беларускі бок дазволіць павялічыць штат консулаў, але адказу пакуль няма. Амбасадар нагадаў, што Польшча заўсёды выступала за скасаванне візаў для краінаў «Усходняга партнёрства», калі ўрады гэтых краінаў выказвалі зацікаўленасць.

«Я меў прыемнасць быць амбасадарам Польшчы ў Кішынэве, быць сведкам гістарычнай падзеі, калі мы для Малдовы як першай краіны скасоўвалі візы ў Еўразвяз, – распавёў Міхальскі. – Цяпер, як мы ведаем, такія ж умовы супрацы ў нас з Украінаю ды Грузіяй. Грамадзяне гэтай краіны падарожнічаюць свабодна».

Прэзідэнты Польшчы не былі ў Беларусі 22 гады

Таксама амбасадар пацвердзіў, што прэзідэнт Анджэй Дуда не возьме ўдзелу ў заўтрашнім адкрыцці мемарыялу ў Трасцянцы. Згадаў дыпламат і Курапаты, адзначыўшы, што неабходна памятаць пра злачынствы не толькі нацыстаў, але і сталіністаў.

Заўтра замест Анджэя Дуды ў Беларусь паляціць Кшыштаф Шчэрскі – старшыня прэзідэнцкай канцылярыі. Увогуле ж польскі прэзідэнт не прыязджаў у Беларусь 22 гады. А пасля здабыцця незалежнасці нашую краіну наведвалі толькі два кіраўнікі Польшчы: Лех Валэнса і Александэр Квасьнеўскі.

Адказаў амбасадар і на пытанне пра ціск на журналістаў «Белсату».

«Польшча асабліва адданая ідэалам свабоды слова, медыяў. Такія факты нас засмучаюць, мы ў дыялогу з уладамі Беларусі. Журналіст павінен мець магчымасць нармальнай свабоднай працы», – заявіў Міхальскі.

Шмат казаў амбасадар пра важнасць добрых дачыненняў. Беларусы і палякі – суседзі, якія маюць шмат супольнага ў культуры ды мінуўшчыне, а афіцыйная Варшава імкнецца падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць. Артур Міхальскі таксама зазначыў: за 10 гадоў польская амбасада выдаткавала мільён еўраў на дапамогу беларускім дамам інвалідаў, школам, сіроцкім прытулкам, і гэткую палітыку будуць ажыццяўляць надалей.

Вітаўт Сіўчык