Поле бітвы – Балканы. Еўразвяз будзе змагацца з Расеяй


Еўразвяз занепакоены новаю актыўнасцю Расеі

На прыцэле Крамля – заходнія Балканы.

«Трэба сказаць ясна: дзеянні Расеі не самыя добрыя. Яны выкарыстоўваюць кібератакі, падрываюць сітуацыю на заходніх Балканах. Бачылі, што яны зрабілі ў Чарнагорыі? Не кажу ўжо пра Украіну – што абсалютна непрымальна! Галоўнае – данесці да расейцаў, што яны мусяць змяніцца, яны мусяць паказаць, што ім можна давяраць», – заявіў Боўрыс Джонсан, міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі.

Давяраць складана

Калі ўзяць арганізацыю замаху летась у дзень парламенцкіх выбараў у Чарнагорыі. Вырак напярэдадні атрымалі пяцёра грамадзянаў Сербіі з прарасейскімі настроямі. А галоўнымі арганізатарамі назвалі грамадзянаў Расеі, якія стварылі групу для дзяржаўнага перавароту.

«Чарнагорыя чакае, як Масква патлумачыць ролю сваіх грамадзянаў Эдуарда Шышмакова і Уладзіміра Папова ў спробе дзяржаўнага перавароту летась у кастрычніку. А таксама як будуць тлумачыць, чаму Эдуард Шышмакоў меў два пашпарты на розныя імёны», – зазначыў Зоран Пажын, міністр юстыцыі Чарнагорыі.

У датычнасці да дзяржаўнага перавароту падазраюцца таксама і некаторыя прарасейскія палітыкі Чарнагорыі.

«Для Чарнагорыі ўмяшальніцтва ў нашыя ўнутраныя палітычныя справы непрымальнае. І гаворка не толькі пра некаторыя заявы чыноўнікаў з Масквы, але і пра фінансаванне некаторых палітычных гульцоў у Чарнагорыі. І грошы паступаюць не толькі праз легальныя каналы, а інакш», – патлумачыў Зоран Пажын.

Чарнагорыя ідзе ў НАТО

Актыўнасць Масквы зразумелая. Расея ў гэтым бачыць правакацыю.

«Мы разумеем супрацьстаянне Расеі да пашырэння НАТО, але мы маем і свае нацыянальныя інтарэсы, якія не ёсць вынікам нейкага гвалтоўнага рашэння, гэта нашыя даўнія і доўгатэрміновыя мэты», – падкрэсліў Сырджан Дарманавіч, міністр замежных справаў Чарнагорыі.

У Крамлі традыцыйна маюць сваю праўду

«Штодня фіксуем нейкія абсурдныя абвінавачванні ў бок Расеі, штодня мы абвяргаем гэтыя абвінавачванні», – выказаўся Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Крамля.

Прарасейскія сілы актыўна дзеяць і ў Сербіі

Асабліва пасля таго, як у 2012-ым годзе краіна атрымала афіцыйны статус на ўступленне ў Еўразвяз. Таму выступ кіраўніцы дыпламатыі Еўразвязу ў Бялградзе не быў лёгкі.

«Пасланне, якое я хачу данесці, спадзяюся, будзе пачутае, не зважаючы на шум у парламенце. Мы прызнаем, што Сербія абрала шлях еўрапейскай інтэграцыі. Гэта можа выходзіць за межы некаторых палітычных лініяў, але служыць інтарэсам сербскага народу», – сказала Фэдэрыка Магерыні, кіраўніца дыпламатыі Еўразвязу.

Хаця па-ранейшаму вострым застаецца пытанне незалежнасці Косава, якое аддзялілася ад Сербіі ў 2008-ым годзе. На гэтым разладзе спрабуе граць Масква.

«Мяне непакоіць спроба ўплыву Расеі ў рэгіёне. Асабліва гаворка пра дэзынфармацыю ў медыях і палітычныя ўплывы. Заклікаю Расею трымацца Рэзалюцыі ААН, чаго і мы трымаемся, каб весці працэс стабілізацыі ў рэгіёне», – падкрэсліў Кэртыс Скапароці, вярхоўны камандас НАТО.

Чатыры з паловаю тысячы жаўнераў альянсу цяпер у Косава

Але Масква не дрэмле.

«У гэты самы час Сербія з нацыяналістычным гонарам запаўняе сваю паветраную прастору МІГамі, падараванымі Расеяй, і дэманструе іншыя дзеянні, якія цалкам супярэчаць Еўрапейска-атлантычным вартасцям», – тлумачыць прэзідэнт Косава Хашым Тачы.

А таму без пільнае ўвагі да Балканаў як альянсу, гэтак і структураў Еўразвязу сітуацыя можа трапіць пад кантроль Масквы. Што разумеюць і чаго асцерагаюцца ў Бруселі.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Dylan Martinez / Reuters / Forum