Пляскі на костках. Рэстарацыя на месцы масавых растрэлаў адкрыецца ўжо ў пятніцу


Экстраная нарада ў пытанні абароны Курапатаў адбылася сёння ў офісе незалежнага прафсаюзу РЭП у Менску. Палітыкі і грамадскія актывісты пастанавілі ісці да канца, каб дамагчыся скасавання дазволу на дзейнасць забаўляльнага комплексу ў паўсотні метраў ад Курапатаў.

«Колькі ёсць гэты рэжым – даводзіцца змагацца за абарону Курапатаў. Ужо вырасла цэлае пакаленне абаронцаў Курапатаў. Думаю, што грамадства не пакіне без увагі спробу збудаваць рэстаўрацыю на касцях», – лічыць сустаршыня БХД Павал Севярынец.

Будаваць забаўляльны комплекс каля месца масавых расстрэлаў распачалі яшчэ ў 2012-ым годзе. Аднак тады грамадскасць звярнула ўвагу на тое, што аб’ект плануюць узвесці на тэрыторыі ахоўнай зоны ўрочышча. Будоўлю спынілі, але ўжо праз год улады скарацілі ахоўную зону Курапатаў да 50 метраў, і комплекс, які ў народзе празвалі «Бульбаш-холам», апынуўся ў зоне рэгуляванай забудовы.

«Першапачаткова не с праста былі ўсталяваныя ахоўныя зоны ў 150 метрах. Гэта нейкая выпрацаваная норма, якая забяспечвае самастойнасць самаго захаранення і мемарыялу», – кажа актывіст грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла Курапаты» Уладзімір Раманоўскі.

Напрыканцы 2017-га году стала вядома, што абʼект усё ж чакае адкрыццё. Як раней паведамлялі ў Менскім райвыканкаме, на тэрыторыі комплексу будзе знаходзіцца рэстаран з назваю «Паедзем, паядзім». Аднак чаму бліз Курапатаў дазволілі адкрыць забаўляльную ўстанову, нашаму тэлеканалу сёння патлумачыць не змаглі.

Рэстаран бліз месца памяці расстраляных беларусаў разлічаны на 300 наведнікаў. Да таго ж на тэрыторыі імаверна будуць саўна і лазня. Дакладней распавесці, якім будзе комплекс, нашым журналістам уласнікі не пажадалі.

«Мы першага чэрвеня адчынімся, тады і зойдзеце!», – адказалі журналістам.

Прыйсці на адкрыццё рэстарану плануюць і актывісты. Яны маюць намер распавесці наведнікам установы пра тэрор, што адбываўся на гэтым месцы 80 гадоў таму. А надалей – разбіць намётавы лагер ды адстойваць Курапаты, як год таму.

«Мы патрабуем ад сённяшніх уладаў, каб быў створаны музей камуністычных рэпрэсіяў акурат на базе маёмасці гэтага аб’екту. Я думаю, што гэта абсалютна справядлівыя патрабаванні, якія падтрымае беларускае грамадства», – мяркуе Вячаслаў Сіўчык з руху салідарнасці «Разам».

Спыніць адкрыццё рэстарану актывісты паспрабуюць і шляхам перамоваў з уладамі. Ужо на заўтра запланаваны паход у Менскі аблвыканкам і Міністэрства культуры.

Юлія Лабанава, «Белсат»