План Лукашэнкі працаўладкаваць усіх праваліўся


«1-га траўня ўсе людзі павінны быць на працы. Усе павінны быць працаўладкаваныя», – гэтае распараджэнне Лукашэнкі няпоўныя 3 месяцы таму дало старт урадавай кампаніі для працаўладкавання насельніцтва. Мясцовыя ўлады штотыднёва ладзілі кірмашы працы, чыноўнікі чакалі беспрацоўных на асабістых прыёмах.

«Мы дайшлі да кожнага чалавека. Хто хацеў, хто мог, той знайшоў працоўнае месца», – адрапартавала міністр працы Ірына Касцевіч.

Незалежныя прафсаюзы ставяцца скептычна да заявы міністра

«Сказала, што ўсе ўладкаваныя. А колькі людзей уладкаваныя? На якія прафесіі? І самае галоўнае – на які заробак?», – зазначыў Генадзь Фядыніч, старшыня прафсаюзу РЭП.

Каб быць дакладнай, колькасць працаўладкаваных Касцевіч усё ж назвала – «больш за 80 тысяч чалавек».

Пры гэтым, спадарыня міністр забылася дадаць, што звольнілі за той жа красавік на 7.5 тысячаў болей, чым узялі на працу. Ці сапраўды не хочуць працаваць тыя беларусы, якія застаюцца без месца, мы спыталіся наведнікаў аднаго з цэнтраў занятасці.

«Усё кажуць нешта, я і слухаць не хачу. Хай яна прыйдзе мне і пакажа, ідзі вось сюды і працуй і я пайду. Практычна, няма».

«Быў каменшчыкам. Цяпер апусціўся – шукаю грузчыка, і тое не знаходжу»

«Тыдзень таму я прыходзіла сюды ў панядзелак, тут не было дзе яблыку ўпасці. 2-3 жанчыны, астатнія – мужчыны».

«Слова было кінутае ў эфір і ніякага пацвярджэння не было. Як было, так і засталося».

– сведчаць беспрацоўныя менчукі.

Рынак працы скарачаецца

Афіцыйная статыстыка нібыта пацвярджае, што беспрацоўныя не хочуць рабіць. Рэспубліканскі банк вакансіяў налічвае больш месцаў, чым зарэгістраваных беспрацоўных.

«Вельмі шмат працы гэта – сезонныя працы. А пастаяннай працы – па прафесіі, як не было, так і няма», – тлумачыць спадар Фядыніч

«TUT.BY» прааналізаваў рэспубліканскі банк вакансіяў і высветліў, што палова працоўных месцаў прадугледжвае заробак, ніжэйшы за мінімальны спажывецкі бюджэт.

У сувязі з ажыўленнем расейскага рынку, адмоўныя тэндэнцыі запаволіліся і ў нашай краіне. Калі летась у красавіку звольненых беларусаў было на 20 тысячаў больш, чым прынятых на працу, то сёлета гэтая розніца – утрая меншая. Але хоць і больш павольна, чым дагэтуль, рынак працы ўсцяж няспынна скарачаецца.

Станіслаў Івашкевіч, Менск