«Плачу несупынна» – свет згадвае ахвяраў Галакосту


Памяць пра тых, хто загінуў, і забавязанні перад ацалелымі. У міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту сталыя людзі, наведнікі музею Аўшвіц, не хаваюць слёз. У часы генацыду Другой сусветнай вайны яны выжылі, але засталіся раны незагойныя. Канцлагер Аўшвіц савецкая армія вызваліла 27-га студзеня 45-га года. За час існавання ў ім закатавалі больш за паўтара мільёна чалавек, а па ўсёй Еўропе закінулі да шасці мільёнаў габрэяў.

«Умшлягпляц» – таварная плошча

Мужчыны, жанчыны, дзеці і старыя. Адсюль з варшаўскага гета нацысты выслалі ў лагеры смерці прыблізна 320 тысячаў чалавек. Для пераважнае большасці гэта быў апошні шлях у Трэблінку – другі з велічыні лагер смерці.

Першы – Аўшвіц

Менавіта вызваленне гэтага месца 72 гады таму зрабілася нагодаю для Міжнароднага дня памяці Галакосту. Сёння сюды прыехалі і тыя, хто ацалеў у машыне смерці.

«Чалавек столькі можа перажыць. Мы вярнуліся, а не было ні дому, ні бацькоў, але трэба было жыць далей», – узгадвае Галіна Скальбмерска, ацалелая ў Аўшвіцы.

«Толькі раз на паўмесяца матка магла нас пабачыць. Дзеці не ведалі, хто матка», – дзеліцца яшчэ адна ацалелая Галіна Залеўска.

Аўшвіц узнік як лагер смерці для знішчэння палякаў у 1940-ым годзе

Два гады пазней з’яўляецца Аўшвіц-2 – Біркенаў, для знішчэння габрэяў. Нацысты ставілі доследы, адпраўлялі ў газавыя камеры, спальвалі пераважна габрэяў, палякаў, цыганоў, савецкіх палонных ды іншых. Газавыя камеры выкарыстоўваліся амаль да канца існавання лагеру. Апошні раз – 28-га лістапада 1944-га года. Агульная колькасць ахвяраў сягае нават паўтара мільёна чалавек. А гэта толькі адзін – найвялікшы прыклад.

«Удома плачу бесперапынна. Бесперапынна. Нашая псіхіка была скалечаная, бо мы лагерныя дзеці. Я была ў лагеры ў Лодзі, які называюць малым Асвенцімам – для польскіх дзяцей і моладзі на вуліцы Пшэмысловай. Там былі такія варункі, гэтак суворае абыходжанне з намі, што нават некаторыя дзяўчынкі, якія прыехалі адсюль, хацелі вярнуцца назад. У нас у Лодзі было яшчэ горш. Там не было старэйшага вязня, а толькі самыя дзеці», – прыгадвае ашаламляльную праўду ацалелая Крыстына Шпігель.

Міжнародны дзень памяці Галакосту – гэта памяць пра мёртвых і ацалелых

Памяць ува ўсім свеце. А выстава ў Берліне мае асаблівы сімвалічны сэнс.

«Я хачу жыць у свеце, дзе людзі клапоцяцца пра іншых. Гэтая выстава – невялікая спроба змагання. Для мяне і некаторых іншых, хто ацалеў, вельмі важна, каб моладзь пачула пра гэтую выставу», – тлумачыць ацалелы ў Аўшвіцы Фелікс Кольмэр.

І каб моладзь не толькі пачулі праўду, у Аўшвіцы трывае рэстаўрацыя. Музей летась наведалі больш за 2 мільёны чалавек з розных краінаў.

Рэстаўрацыя вядзецца з захаваннем гістарычнае дакладнасці

«Дзеля гэтага мы ўжылі цэглу з такога гістарычнага перыяду, як у аб’ектах. Таксама выкарысталі матэрыялы з ідэнтычнымі фізічнымі і хімічнымі параметрамі. І ўжываючы тэхнікі дакументавання і геадэзіі, мы паўтарылі ўсе дэфармацыі», – зазначыла Анна Лапуска, кіраўніца міжнароднага плану рэстаўрацыі ў музеі Аўшвіц.

Гэтак гісторыя застаецца з намі. А з гісторыяй – і самае галоўнае: памяць

«Гэта наш пэўны абавязак у дачыненні тых, хто ацалеў у Аўшвіцы, тых, хто тут загінуў. Мы ў тым моманце, калі адыходзяць апошнія сведкі. Засталіся іхныя галасы, расповеды, а таксама засталася тэрыторыя – з вельмі выразным пасылам пасля лагеру, дзе мільёны людзей штогоду пазнаюць трагічную гісторыю гэтага месца», – мяркуе Барташ Бартызэль, прэсавы сакратар музею Аўшвіц.

Яшчэ адным крокам у кірунку гістарычнае праўды станецца публікацыя спісаў працаўнікоў Аўшвіцу

Польскі інстытут нацыянальнае памяці 30-га студзеня мае паказаць 8.5 тысяч прозвішчаў, звестак, здымкаў катаў.

Мура варшаўскага гета – найвялікшы. А таму і найбольш трагічны. Мур, які памятае боль, слёзы і смерць чатырохсот тысяч габрэяў. Мур, які не дазваляе забыць гісторыі, якая не можа ніколі паўтарыцца.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», Варшава, фота: Artur Widak / NurPhoto via ZUMA Press / Forum