Першая ў СНД разумная крама адкрылася ў Менску


Нікога, апроч пакупнікоў. Няма не толькі касіраў, але і нават касаў для самаабслугоўвання. У Менску адкрылі міні-версію крамы «Amazon Go». Першую ў краінах СНД цалкам аўтаматызаваную краму з таварамі для хатніх жывёлінаў наведала наш карэспандэнт.

Без касіраў і прадаўцоў. Яшчэ нядаўна ўявіць такую краму ў Беларусі было немагчыма, цяпер жа гэта рэчаіснасць. Прынамсі для жыхароў жылога комплексу Новая Баравая ў сталіцы. У краме для хатніх жывёлінаў ZOOQI X за набыткі можна заплаціць з дапамогаю смартфона.

Для таго, каб зайсці ў краму ZOOQI X, трэба спампаваць на свой тэлефон адмысловую праграму і пазначыць у дадатку банкаўскую картку. Пасля гэтага на ўваходзе прыкласці QR-код да сканеру – турнікет прапусціць. На выхадзе аперацыю трэба будзе паўтарыць – і сума, на якую вы зрабілі закупы, аўтаматычна спішацца з вашае карткі.

Наведніца крамы дзеліцца ўражаннямі:

«Вельмі незвычайна. Можна без прадаўца абыходзіцца, не займае шмат часу і аплата зручная, то бок нічога не трэба мець з сабой, апроч тэлефона».

Разумнае кіраванне крамай забяспечвае платформа «Kakadu Dev». Яна распрацаваная на аснове нямецкіх ды іспанскіх тэхналогіяў. Аўтаматызацыя ўва ўсім: ад рэгулявання святла і тэмпературы ў памяшканні да камп’ютарнага назірання. Робат нават фіксуе, якія тавары прадаліся, і паведамляе пра гэта на склад.

Ягор Карповіч, уладальнік крамы:

«Можа працаваць 24/7, круглыя содні, без розніцы, амаль з любым таварам, і тут не трэба ўсталёўваць касу, якая ізноў жа дорага каштуе, за гэтыя грошы можна ўсталяваць нашае абсталяванне».

Такія крамы – навінка не толькі для Беларусі, але і ўвогуле для краінаў СНД, кажа ўладальнік.

Марыя Арцыбашава, belsat.eu