Пераслед журналістаў


Дзякуючы медыям сілавы разгон мірнай акцыі ўчора і сённяшнія беспадстаўныя затрыманні грамадзянаў былі паказныя ва ўсёй Беларусі і ў іншых краінах.

Менавіта таму, пераслед уладамі незалежных журналістаў не спыняецца ні на дзень. За кратамі на Акрэсціна застаецца аператар «Белсату» Алесь Баразенка, а апоўдні затрымалі нашых калегаў Аляксея Мінчонка і Алеся Залеўскага.

Алесь Залеўскі, журналіст «Белсату»:

«Гэта ўжо трэці раз, калі мяне затрымліваюць цягам апошніх двух сутак. Ну і трэці раз адпускаюць, розным спосабамі мне ўдавалася вызваліцца. Але вось цяпер даехалі да РАУС, 3 гадзіны мы там правялі, на расцяжцы, на вуліцы, хамскае абыходжанне, не тлумачачы прычыны затрымкі».

Аляксей Мінчонак, прадстаўнік «Белсату» у Менску:

«Бачна, што дадзены спецыяльны загад затрымліваць журналістаў, асабліва нашага тэлеканалу. Нас вельмі не любяць у адрозненні ад нашых зарэгістраваных калегаў. Іх таксама не любяць, але нас яшчэ больш чамусьці не любяць. І мы адчуваем вельмі моцны ціск цяпер і спадзяемся на падтрыманне журналісцкай супольнасці».

Ціск на журналістаў і ў рэгіёнах

Пад час акцыі салідарнасці ў Бабруйску ў пастарунку трымалі журналістаў, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам, Віктара Масаловіча і Андрэя Шобіна. Пасля содняў за кратамі вызвалілі і гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову, якая асвятляла ўчорашнія падзеі ў Гомлі. Але ўжо заўтра яе выклікаюць у мясцовы суд.

Працоўны тыдзень у сталіцы таксама пачнецца з судоў над журналістам «Белсату» Аляксандрам Баразенкам, таксама Дзянісам Івашыным з «Інформнапалму» і Арцёмам Сізінцавым з «Радыё Рацыя».