Пераадолець слабасць. Азаранка перамагла насуперак нягодам


Тэніс

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка хутка набірае былыя кандыцыі пасля балюча перажытых ёю аскепкаў некалі шчаслівага шлюбу і, загартаваная ў баях на судовым фронце, яшчэ лепей навучылася пераадольваць свае слабасці, сваё раздражненне. Што і дапамагло ў нервовым другім, і як аказалася, вырашальным тактоўна сэце матчу трэцяга кола ў амерыканскім Маямі супраць Анастасіі Сэваставай з Латвіі.

Азаранка праявіла ладны характар і яшчэ нядаўна нехарактэрную для яе вытрымку. Трэба было пераадолець вельмі сканцэнтраваную Сэваставу з ейнымі магутнымі ды трапнымі форгэндамі пад кут пляцоўкі. На што і сама, хоць радзей, але адказвала красамоўна. І каб Азаранка не ўтрымала да канца сваіх нерваў, яна б не здолела прайсці суперніцу. Але, прагуляўшы першы сэт 3:6, Вікторыя ледзь не аддала перавагі ў другой партыі ды, перажыўшы вялізны прэсінг шматразовых і няўдалых для беларускі сэт-болаў, урэшце адолела канкурэнтку спачатку 6:4 у неверагодна доўгім, а потым і 6:1. Наступнае ночы Азаранка гуляе супраць польскай тэнісісткі Агнешкі Радваньскай за выхад у чвэрцьфінал.

Гандбол

Зразумела, не заўсёды беларускім калектывам трапляюцца супернікі, вышэйшыя за іх у класе. Нацыянальнай жаночай гандбольнай зборнай Беларусі ў апошні поўны тыдзень сакавіка ўдалося пахадзіць гогалем, двойчы разграміўшы і не ў самым найлепшым складзе, які б хацеў бачыць галоўны трэнер Тамаж Чатэр, часткова прызнанае Косава, якое распачало міжнародную гісторыю толькі з адбору на папярэдні чэмпіянат Еўропы. У Прыштына было 31:22, у Менску – 41:18.

Аўтагнонкі

Нямецкі рэйсэр Зэбаст’ян Фэтэль шчыра прасіў нябёсы дапамагчы яму з машынаю бяспекі, калі адставаў ад дзейнага чэмпіёна свету па аўтагонках у класе машынаў «Формула-1» Льюіса Гэмілтана, і дачакаўся, каб пасля выгуляць першую гонку сезону – «Гран-Пры Аўстраліі».

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: Jayne Kamin-Oncea / USA TODAY Sports / Forum