Пенсіянерку падманулі: разбурылі дом, а кватэры не далі


Тры гады 85-цігадовая самотная жанчына дабіваецца жытла пасля зносу ейнага дому тут, у прэстыжным раёне сталіцы. Ёсць на паперах судовыя рашэнні на карысць кабеты, але дасюль яна не мае ні дому, ні кватэры.

У справе Алены Лапацінай адбылося ўжо 20 судоў

Кампанія-забудоўнік «Тамбаз» пасля зносу дому на вуліцы Амурскай, што побач з плошчаю Бангалор у Менску, наўзамен вылучыў жанчыне, ейнаму былому мужу і ягонай пляменніцы з дзіцём адну трохпакаёвую кватэру на ўсіх. Тады ж, у 2014-ым, адбыліся першыя суды, і праз паўтара года дзеянні фірмы былі прызнаныя незаконнымі.

Паводле дакументаў, жанчына часова жыве ў кватэры, якая належыць «Тамбазу»

Прадстаўнікі фірмы запэўніваюць, што як толькі ў іх зʼявяцца вольныя грошы, яны адразу ж набудуць кабеце жытло. Але канкрэтнай даты не называюць. На пытанне «Белсату», калі ж развяжацца праблема, забудоўнік таксама не адказаў.

«Замежны інвестар, наколькі я ведаю ён былы грамадзянін Беларусі, атрымлівае магчымасць будаваць жытло ў самых дарагіх і лепшых месцах Менску і так абыходзіцца з жанчынай! У якой забірае жытло і якая наагул застаецца без жытла… », – кажа Мікалай Аўтуховіч, старшыня прафсаюзу прадпрымальнікаў «Салідарнасць».

Сітуацыя, калі людзі праз будоўлю губляюць сваё жытло набывае масавы характар

Спантанна ствараюцца ініцыятыўныя групы, якія ім дапамагаюць.

«Усе разумеюць, што судзяцца з набліжанымі да Лукашэнкі і таму дабіцца справядлівасці практычна немагчыма. Суды прытрымліваюцца логікі нашай цяперашняй улады – адабраць маёмасць і «выматаць» чалавека, каб у яго не было сродкаў і жадання змагацца», – тлумачыць сябра ініцыятыўнай групы Руслан Скрыпчанка.

Алена Лапаціна мае праблемы са здароўем

Гэта адная з прычынаў, чаму яна хоча як мага хутчэй атрымаць уласную кватэру – перадаць яе Дому састарэлых у абмен на ўтрыманне.

«Вось 10 дамоў зносілі і ўсім далі, нават жанчыне, якая там не мела нават ніводнага метра ўласнага, а мне не далі», – скардзіцца пенсіянерка.

Ні прадаць, ні перадаць кватэру, у якой цяпер жыве Алена Лапаціна, яна не мае права, бо гэта чужая маёмасць. Застаецца толькі спадзявацца, што ейны былы суайчыннік, а цяпер замежны інвестар і дырэктар буйной кампаніі «Тамбаз» Леў Хаюцін нарэшце выканае судовае рашэнне.

Любоў Лунёва, «Белсат»