Пенсіянера адправілі ў варʼятню за жаданне сустрэцца з чыноўнікам


Пенсіянер Віктар Курлукоў з Гомля і ўявіць не мог, у што ператворыцца паход на прыём да кіраўніка аблвыканкаму Уладзіміра Дворніка. Замест сустрэчы з дзяржаўным службоўцам спадар Віктар трапіў у псіхіятрычны шпіталь – чыноўнікі з абласной адміністрацыі выклікалі на пенсіянера міліцыю і санітараў. Са сведкамі суворага затрымання паразмаўляў блогер Максім Філіповіч.

Сведчанні мінакоў

«Чалавека тварам цягалі па падлозе, выклікалі «дурку», пяць чалавек выклікалі за тое, што мы патрабавалі кнігу скаргаў, бо нас не захацелі прымаць».

«У іх не было ані бэйджыкаў, ані апазнавальных знакаў. Яны ўсе былі высокага росту і ўсіх раскідвалі. Мы не давалі чалавека забраць, а яны нас – пайшла адсюль, і нагамі, і рукамі ўсіх нас раскідвалі».

– зазначылі жыхар Гомля, якія мелі магчымасць убачыць сітуацыю на ўласныя вочы.

Брутальнае затрыманне пенсіянера закранула яшчэ адную кабету

А менавіта – 83-гадовую Марыю Быстранкову, вядомую сваім удзелам у акцыях супраць дэкрэту № 3.

«Я стала абараняць мужчыну. І ўрач мяне так адштурхнуў, што ледзь лбом не ўдарылася ў сцяну», – падзялілася Марыя.

Пакуль пенсіянер застаецца ў шпіталі на абследаванні

Сёння Віктара Курлукова наведаў ягоны сябар Генадзь Падальніцкі.

«Яму цяжка сядзець, і калі ўстае, ісці нагамі не можа. Ледзь перасоўвае ногі. Кажа, білі па нагах, ну і па галаве ўдарылі таксама», – зазначыў Генадзь.

Чым жа мужчына сталага веку заслужыў такое абыходжанне? Памочнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму Андрэй Федаровіч у размове з «Белсатам» паведаміў, што ён не ў курсе сітуацыі, а таму не ўпаўнаважаны каментаваць гэтую справу. Праваабаронцы ж падкрэсліваюць, што калі чалавек раней не стаяў на ўліку ў псіхіятра, то такія дзеянні з боку медыкаў незаконныя.

«Можна казаць пра тое, што ўлады выкарыстоўваюць карную медыцыну ў сваіх мэтах. Бо чалавек лічыцца здаровым да таго часу, пакуль урачамі не будзе даказанае адваротнае», – даводзіць праваабаронца Леанід Судаленка.

Такі від рэпрэсіяў улады практыкуюць часта

Метад карнае псіхіятрыі ў дачыненні непажаданых улады Беларусі выпрабоўвалі ўжо неаднаразова. Раней у псіхіятрычны шпіталь змяшчалі віцебскага доктара Ігара Паснова, пенсіянера Аляксандра Лапніцкага, якога прызналі вінаватым у абразе кіраўніка краіны, грамадскую актывістку з Берасця Наталлю Папкову ды іншых. Пагрозы ад праваахоўнікаў змясціць у псіхіятрычны шпіталь неаднаразова чуў у сваім жыцці і незалежны журналіст Кастусь Жукоўскі. Журналіст сведчыць: гэта не адзіны выпадак

Гомельскія чыноўнікі выкарыстоўваюць такія метады на людзях з актыўнаю грамадзянскаю пазіцыяй. Толькі на пачатку жніўня гэткі лёс напаткаў і жыхарку вёскі Каплічы Розу Стрэльчанку, якая змагаецца за вяртанне школы ў родным аграгарадку. Замест таго, каб выслухаць жанчыну і дапамагчы развязаць праблему, адміністрацыя аблвыканкаму выклікала на яе псіхіятрычную брыгаду.

Віталь Бабін, «Белсат»