«Паўтараць, што мы не хочам у НАТО – ужо не спрацоўвае». Менск каментуе акцыю 6 «ватнікаў»


Расейскія прапагандысцкія сайты абрынуліся з хваляў крытыкі ў бок афіцыйнага Менску, а адзін з кіраўнікоў Дзярждумы Расеі нават прапанаваў Беларусі далучэнне нашай краіны да ўсходняга суседу, калі маўляў, хочаце зніжак на газ і нафту.

А тым часам у самой Беларусі на цэнтральную плошчу Менску выходзяць прарасейскія актывісты, дэманструючы сваю любоў да Расеі. Ці вытрымае беларуская незалежнасць перад «русским миром»?

Грамадскія актывісты высветлілі асобы тых, хто на выходных правёў прарасейскую акцыю на плошчы Незалежнасці ў Менску. З трыкалорам у руках – Аляксандр Галавін, побач з ім – лідар незарэгістраванай суполкі Народна-вызвольны рух Уладзімір Рыжанкоў.

Чаму важна ведаць імёны прыхільнікаў «русского мира» ў Беларусі?

Дзякуючы выяўленню, ідэнтыфікацыі ўсіх адэптаў «рускага свету» ёсць магчымасць на першай фазе гэтага сцэнару па дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі іх нейтралізаваць.

Сярод удзельнікаў акцыі – Аляксандр Лявонаў, Сяргей Ланавенка, Андрэй Дзіментаў. На плошчу Незалежнасці яны выйшлі ў суботу 4 лютага, а свой пікет назвалі «масавым». Прагучалі лозунгі салідарнасці з Расеяй ды Данбасам.

«Трэба прызнаць, што ўнутры Беларусі хапае тых, што вітаў бы большую прысутнасць расейцаў тут, і хто зараджаны расейскім шавінізмам. Увесь час паўтараць, што мы не хочам у НАТО і не будзем уяўляць з сябе пагрозу Расеі – гэта ўжо не спрацоўвае», – кажа палітолаг Алесь Лагвінец.

Ці бачаць менчукі пагрозу з боку сімпатыкаў прарасейскіх сепаратыстаў, якія ваююць на ўсходзе Украіны, ды ці існуе небяспека «русского мира», «Белсат» запытаў у жыхароў сталіцы.

«Вайсковая пагроза паміж Беларуссю і Расейя яна існуе і я за незалежную Беларусь», – кажа жанчына.

«Пакуль я ніякай пагрозы не бачу, але вядома Расея была бы радая мець на нашай тэрыторыі сваю вайсковую базу», – кажа мінак.

Паводле экспертаў, з якімі мы размаўлялі, большасць прарасейскіх арганізацыяў у Беларусі, ад спартова-патрыятычных клубаў да таго ж Народна-вызвольнага руху, каардынуюць сваю дзейнасць міжсобку.

Усе арганізацыі кіруюцца Рассупрацаю

Рассупраца – гэта такі інкубатар расейскіх арганізацыяў у Беларусі, у сваю чаргу Рассупраца знаходзіцца пад парасонам амбасады РФ у РБ.

Дзяніс Івашын раіць звярнуць увагу на Крым і Данбас трохгадовай даўніны, дзе таксама адкрытыя прыхільнікі «русского мира» калісьці лічыліся ледзь не маргіналамі, а цяпер трымаюць у сваіх руках уладу.

АН belsat.eu