Паўстаў незалежны Камітэт салдацкіх маці, які не збіраецца замоўчваць праблемы беларускага войска


Беларускае войска мае быць гонарам нашай краіны, а не месцам, якога баяцца і навабранцы, і іх бацькі. Гэткую мэту заявілі сёння стваральнікі незалежнага Камітэту салдацкіх маці падчас устаноўчага сходу новай арганізацыі. У адрозненне ад прадзяржаўнага аб’яднання «Маці салдатаў», у Камітэце не збіраюцца замоўчваць праблемы беларускага войска.

Першая, устаноўчая сустрэча Камітэту салдацкіх маці адбылася ў «Прэс-клубе» ў Менску. Грамадзянская ініцыятыва створаная з дапамогаю некалькіх недзяржаўных арганізацыяў: кампаніі «Наш дом», праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву», Беларускага дакументацыйнага цэнтру ды іншых.

«Мы будзем афіцыйна рэгістравацца і працаваць з Міністэствам абароны, у тым ліку і з Міністэрствам аховы здароўя, бо яны ўдзельнічаюць у медычным аглядзе салдат тэрміновай службы. То бок гэты камітэт накіраваны на абарону салдат тэрміновай службы ды іншых вайскоўцаў, бо мы ведаем і выпадкі самазабойстваў і дзіўных выпадкаў з маладымі афіцэрамі, і курсантаў», – кажа ініцыятарка стварэння камітэту Наталля Гарачка-Басалыга.

Ініцыятарка – актывістка Наталля Гарачка-Басалыга

Ейны сын нядаўна вярнуўся з войска, паслужыўшы, у тым ліку, у сумна вядомым гарнізоне ў Печах. Пра 72-і абʼяднаны навучальны цэнтр уся Беларусь ведала як пра расаднік дзедаўшчыны. І апошняю кропляю для стварэння Камітэту салдацкіх маці стала менавіта гібель салдата Аляксандра Коржыча ў Печах.

«Ён, падобна, загінуў пакутлівай смерцю і гэта яўна не самазабойства. Там вельмі шмат гематомаў ды іншых пашкоджанняў на целе, якія кажуць, што яго доўга катавалі. І што ён вельмі доўга быў пад здзекамі, якія і прывялі да смерці», – кажа ініцыятарка стварэння камітэту Наталля Гарачка-Басалыга.

Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у сутарэнні вайсковай часткі 3-га кастрычніка, з майкай на галаве і звязАнымі нагамі. Спачатку і Міністэрства абароны, і Следчы камітэт заяўлялі выключна пра самагубства з асабістых прычынаў і адсутнасць слядоў ґвалту. Але расследаванні незалежных журналістаў і рэакцыя грамадства прымусілі ўлады аднавіць следства ды прызнаць праблему. Прычым смерць Аляксандра Коржыча можа быць толькі вяршыняю айсбергу.

«Недзе ваенная таямніца ёсць, але гэта не значыць, што трэба грэбаваць чалавечай годнасцю. Калі чалавек церпіць знявагу, фізічную ці псіхалагічную, мусіць быць ваенная сістэма збудаваная так, каб не хаваць, а вырашаць гэтую праблему», – кажа Васіль Завадскі з сацыяльна-інфармацыйнай установы «Таймакт».

У сувязі з гібеллю Коржыча цяпер расследуюцца паўтара дзясятка крымінальных справаў. У 72-гі абʼяднаны навучальны цэнтр прызначаны новы кіраўнік. Палкоўнік Уладзіслаў Будзік паабяцаў прывесці Печы ў поўную адпаведнасць з Уставам. Салдатам будзе дазволена мець мабільныя тэлефоны – без камераў і інтэрнэту, у казармах паставяць некалькі відэакамераў.

«З сяржантамі была праведзеная пазапланавая атэстацыя. Тыя ваеннаслужбоўцы, што не прайшлі яе, адпраўленыя служыць у іншыя вайсковыя часткі», – заявіў начальнік 72-га АНЦ у Печах Уладзіслаў Будзік.

Але ці не панясуць яны дзедаўшчыну з сабою?

«Так, мы можам вырашыць праблему ў Печах з новымі працаўнікамі, магчыма, з лепшай кваліфікацыяй, але тыя працаўнікі, якія не прайшлі кваліфікацыю, будуць працаваць у іншых частках. Ці не распаўсюдзіцца праблема Печаў на іншыя вайсковыя часткі?», – кажа старшыня арганізацыі “Прававая ініцыятыва” Вікторыя Фёдарава.

І Камітэт салдацкіх маці, і іншыя праваабарончыя арганізацыі патрабуюць ад уладаў не паказальных зменаў у адных Печах, а сістэмнага падыходу да праблемы правоў вайскоўцаў. Салдаты – не рабы, таму маюць права на сувязь з сямʼёй. А грамадства мусіць на заканадаўчым узроўні мець магчымасць кантраляваць вайсковыя гарнізоны праз незалежныя назіральныя камісіі.

Яраслаў Сцешык