Паўлу Грыбу пагражае да 10 гадоў турмы


Выкралі ў Беларусі, судзяць у Расеі. У Растове-на-Доне пачаўся разгляд крымінальнай справы ўкраінца Паўла Грыба. Яго абвінавачваюць паводле артыкулу аб тэрарызме. Украінскія праваабаронцы сцвярджаюць, што падставаю для затрымання сталі паведамленні ў сацсетках, у якіх ён не прызнае анексіі Крыму і асуджае расейскую агрэсію на Данбасе. З падрабязнасцямі Міхась Ільін.

Павел Грыб знік у Гомлі летась у жніўні. Пазней ён знайшоўся ў краснадарскім СІЗА з распачатаю супраць яго крымінальнаю справай. Расейскія следчыя вінавацяць яго нібыта ў рыхтаванні тэракту ў Сочы.

«Яму інкрымінуюць 205-ты артыкул, што, на мой погляд, вельмі абсурдна, бо гэта досыць «пакаёвы» дзіцёнак, які не веў ніякай сур’ёзнай актыўнасці, апроч сацыяльных сетак», – кажа сястра Паўла Вольга.

Паводле следства, менавіта праз сацсеткі абвінавачаны нібыта схіляў іншых да правядзення тэрарыстычнага акту. Да крымінальнай справы нават далучаныя адпаведныя перапіскі.

«У матэрыялах справы няма арыгіналу перапіскі. Уся перапіска вялася на ўкраінскай мове, а ў матэрыялах ёсць тэкст толькі на расейскай мове. І Павел адразу казаў: я не ведаю, што тут пераклалі, што тут напісалі ды сфальсіфікавалі. Мы размаўлялі пра тое», – кажа адвакатка Паўла Марына Дубровіна.

20-гадовы хлопец мае сур’ёзныя праблемы са здароўем: у яго інваліднасць, праз што ён мусіць увесь час прымаць лекі. Аднак, паводле адваката, належнай медычнай дапамогі яму не аказваюць.

«Усе скаргі на здароўе, якія Павел агучваў падчас следчых дзеянняў, проста не фіксаваліся. Вось Павел заяўляе пра тое, што яму дрэнна, сукамернік грукаў у дзверы, крычаў, што патрэбная дапамога, але ў медычных дакументах паўсюль: скаргаў няма», – кажа Марына Дуборвіна.

Паўлу Грыбу працягнулі арышт да 22 кастрычніка 2018 года. Растоўскі суд вярнуў пракурорам абвінаваўчы акт. Пракурор указаў у абвінаваўчым заключэнні старую рэдакцыю артыкулу, які прадугледжвае да 8 гадоў зняволення. А, паводле новай, рэдакцыі Грыбу пагражае да 10 гадоў турмы.

belsat.eu