«Паціху становішся грамадзянінам». Як блогеры будуюць у Беларусі супольнасць


Быць насельніцтвам ці грамадзянамі? Змагацца за правы ці прымірыцца з чыноўніцкімі адмовамі? Задумацца над гэтымі пытаннямі ўсё часцей заклікаюць блогеры на на YouTube. Трэнд, народжаны Максімам Філіповічам, падтрымалі ягоныя землякі – гомельцы з каналу «Беларускае поле эксперыментаў».

На пытанні, якія цікавяць аўтараў каналу «Беларускае поле эксперыментаў» адказаць няпроста: «Чаму зборная Беларусі па хакеі так дрэнна гуляе?» або «Які шлях выбраць Беларусі – Расея ці Еўропа?». Пошукі адказаў нязменна суправаджаюцца жартамі.

«Гумар забівае страх. Выказваючыся праз гумар, можна дасягнуць больш, чым рабіць з сябе «пакутніка». У прынцыпе тое што адбываецца, абурае ўжо даўно. І ад гэтага абурэння мы стаміліся», – кажа відэаблогер Дзмітрый Сабураў, суаўтар каналу.

Канал, заснаваны на пачатку года Дзмітрыем Сабуравым, Арцёмам Шапаравым ды Віктарам Рубцовым, набраў 2 500 падпісчыкаў.

«Мы не палітыкі»

Блогеры прыдумалі сваёй групе назву «Ротарная жатка» – адносячыся да вядомага выказвання Аляксандра Лукашэнкі.

Найбольш папулярнасці каналу прынесла наўпроставая стрымінгавая трансляцыя з сустрэчы пасля арышту блогера Максіма Філіповіча – відэа паглядзелі больш за 22 тысячы чалавек.

Сакрэт папулярнасці блогеры тлумачаць тым, што «яны не палітыкі».

«Мы не заклікаем ні да якой плыні, проста паказваем сваё меркаванне», – кажа Сабураў.

Сваю папулярнасць блогеры адчуваюць не толькі ў выглядзе лайкаў і рэпостаў: да іх звяртаюцца незнаёмыя людзі, што знясіліліся ў змаганні з чыноўнікамі сам-насам. На меркаванне блогераў, у Беларусі шмат хто стаміўся спаць і шукае выйсце.

«Паціху, па крупінцы ты становішся грамадзянінам, – кажа Віктар Рубцоў, суаўтар каналу. – Калі вакол адныя грамадзяне, шмат якія праблемы знікаюць. У грамадзянскім таварыстве немагчыма ўцюхіваць законапраект, нарматыўны акт, нельга проста сказаць «Забараняю».

Дзякуючы ў тым ліку блогерам з YouTube, людзей, якія гэта ўсведамляюць, робіцца болей.

Марына Вашкевіч