Пасля заявы Лукашэнкі МУС адмовіўся бараніць ахвяраў хатняга гвалту


Міністэрства ўнутраных справаў больш не рыхтуе закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Гэта вынікае з адказу на калектыўны зварот праціўнікаў новаўвядзення. Сілавікі кажуць, што прычына – у занадта «высокім грамадскім рэзанансе» ды нязгодзе рэлігійных арганізацыяў. Аднак што сапраўды прымусіла МУС адступіць ды ці мог бы закон аб хатнім гвалце прыжыцца ў нашай краіне?

Напачатку года МУС анансаваў канцэпцыю закону, паводле якога ў Беларусі ўвялі б такія паняткі, як «эканамічны гвалт» ці «пераслед», і спіс патэнцыйных «агрэсараў» значна б пашыраўся. Ведамства спадзявалася, што закон «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту» прымуць ужо налета ды ўвесь год актыўна яго папулярызавала… Пакуль пра гэта не даведаўся Лукашэнка.

«Усё гэта дурасць, узятая перш за ўсё з Захаду. Трэба сыходзіць з той сітуацыі, якая ў нас складаецца. І не пляскач, а добры рэмень таксама часам карысны для дзіцяці. Не для ўсіх, вядома», – заявіў не так даўно кіраўнік Беларусі.

Пасля гэтай заявы пазіцыя Міністэрства ўнутраных справаў кардынальна памянялася – у ведамстве заўважылі «высокі грамадскі рэзананс» ды прыслухаліся да «меркавання рэлігійных арганізацыяў». Ад распрацоўкі ж адмысловага закону адмовіліся, вынікае з адказу ведамства на ліст праціўнікаў законапраекту.

«Адмова ад прасоўвання гэтага закону для Беларусі азначае, па-першае, адмову ад сваіх міжнародных абавязкаў. Бо Беларусь падпісала практычна ўсе дакументы, якія стаяць на абароне правоў жанчын», – мяркуе сябра Нацыянальнага савету гендарнай палітыкі Людміла Пеціна.

Адмыслоўцы адзначаюць, што сёння ў нашай краіне недастаткова прававых інструментаў для абароны ахвяраў гвалту. Паводле інфармацыі МУС, штогод органы ўнутраных справаў атрымліваюць звесткі пра больш як 120 тысячаў сямейна-побытавых канфліктаў. Па выніках разбіранняў, да адміністратыўнай адказнасці прыцягваецца ў сярэднім каля 50 тысячаў грамадзянаў, да крымінальнай – дзве з паловаю тысячы.

«Беларусь не павінная быць у баку ад цывілізаванага свету, бо гвалт у сям’і прызнаны агульнасусветнаю, а не толькі еўрапейскаю ці заходняю, як сцвярджае прэзідэнт, праблемаю. Шмат у якіх краінах свету, больш як у 150-ці, прыняты такі закон», – працягвае Людміла Пеціна.

Па выніках нацыянальнага рэпрэзентатыўнага даследавання 2014 года, фізічны гвалт у Беларусі ажыццяўлялі адносна кожнай трэцяй жанчыны і кожнага чацвёртага мужчыны. Па дапамогу звярталіся менш за 30 адсоткаў ахвяраў.

Жыхары Менску каментуюць сітуацыю:

«Мне падаецца, проста замоўчваюць гэтую праблему. Не ведаю, шчыра кажучы, чаму, але нельга гэта проста так пакідаць».

«Сысці ад развязання гэтай праблемы – прызнаць, што праблемы не існуе. Хоць яна сапраўды ёсць. Гэта прасцей за ўсё».

«Гэта дзікасць! У наш час гвалт над жонкаю і дзецьмі – ані ў якія межы ўлазіць. Уводзіць закон трэба абавязкова!»

Паводле афіцыйнай статыстыкі, штогод ад рук сваякоў гіне больш за 100 грамадзянаў. Гэта траціна ўсіх загінулых у выніку забойстваў або збіцця. Міліцыя звяртае ўвагу, што ў больш як 80-ці адсотках такіх выпадкаў вінаваты алкаголь. Але ж і забарону продажу алкагольных напояў уначы ў Менску, якую зыніцыяваў МУС, Лукашэнка адхіліў.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu