Пасля сюжэту ОНТ кандыдат перадумаў удзельнічаць у мясцовых выбарах


На знак пратэсту супраць медыйнай атакі на кампанію незалежнага назірання «Права выбару» актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД) мянчук Максім Гацак зняў сваю кандыдатуру з выбараў у мясцовыя саветы.

«Вядзецца праслухоўванне – гэта незаконна, бо ніякіх падстаў для такога праслухоўвання няма. Мы гэта не можам спраўдзіць пакуль гэта не ўсплыве ў нейкіх прапагандысцкіх перадачах», – кажа прэс-сакратар БХД Максім Гацак.

Кампанія «Права выбару» зняпраўджвае інфармацыю пра тое, што апазіцыя ўжо нібыта падрыхтавала справаздачы пра парушэнні на выбарах.

Выглядае, што ад сваіх метадаў барацьбы з іншадумцамі ды магчымымі крытыкамі ўлады не адмаўляюцца. Дык чаму незалежныя кандыдаты бяруць удзел у дзяржаўным плебісцыце? Гэта сёння спрабавалі патлумачыць сваім выбарцам кандыдаты на пікеце ў Гомлі.

«Каб адміністрацыя разумела ці гэты інстытут трэба поўнасцю выдаляць з выбарчай сеткі, ці ўсё ж спрабаваць праз актыўных людзей падымаць інстытут на нармальны ўзровень», – кажа кандыдат у дэпутаты з Гомлю Валер Сляпухін.

«На сённяшні момант я маю 2 папярэджанні за свае пікеты, бо я гуляю не па іх правілах. Я не праводжу кволую кампанію, а я кажу праўду пра тое, што набалела. Пра тое, як чыноўнікі і міліцыя здзекуюцца з людзей», – распавядае кандыдат на дэпутатства Кастусь Жукоўскі.

«Чым адрозніваюся? Тым, што я не праўладны і не чарговы дырэктар. Дырэктара ў нас вельмі далёкія ад штодзённых праблем народа. З іх заробкамі, прабачце», – тлумачыць удзельнік перадвыбарчай «гонкі» Максім Філіповіч.

Асноўны дзень галасавання – 18 лютага. Але ўжо з аўторка выбарчыя ўчасткі адкрыюцца для датэрміновага волевыяўлення.

Наста Ільіна, «Белсат»