Парламенцкія выбары ў Францыі: ці паўторыць Макрон поспех дэ Голя?


Францыя абірае дэпутатаў парламенту ва ўмовах рэкордна нізкай яўкі. Апоўдні прагаласавалі крыху больш за 19 адсоткаў французаў. Для прэзідэнта Макрона, які прыйшоў на выбарчы ўчастак з жонкаю, але не рабіў ніякіх заяваў, гэта працяг ягонай прэзідэнцкай кампаніі. Для яго прынцыпова важна, каб створаны ім рух «Наперад, Рэспубліка!» атрымаў большасць дэпутацкіх месцаў.

У часе прэзідэнцкай кампаніі Макрон абяцаў рэформы ў сістэме падаткаабкладання, рынку працы і змены ў адносінах Парыжу і Еўразвязу. Далёка не ўсе выбарцы падтрымліваюць ідэі прэзідэнта, але сацыёлагі кажуць, што Макрон мае шанцы паўтарыць поспех дэ Голя ў 1968 годзе і атрымаць тры чвэрці ў парламенце.

«Я хацела б бачыць большасць у Макрона. Я не буду ўдавацца ў падрабязнасці пра тое, ці гэта абсалютная большасць мае быць, ці не. Але мы хацелі бы бачыць вынікі праектаў рэформаў, якія ён паказваў», – кажа Франсін.

«Я не згодны з праектамі Макрона. Мы ўсё жыццё працавалі, аплочвалі крэдыты, а цяпер ён прапаноўвае змены ў падатак на сацыяльнае страхаванне, і мы зноўку будзем сплочваць новыя падаткі. Я не згодны», – выказваецца Марк Валетэ.

«Спадзяюся, што гэтыя парламенцкія выбары не ўзмоцняць улады Макрона. Гледзячы на нізкую яўку, хутчэй за ўсё так і будзе. І я думаю, што гэта да лепшага», – мяркуе Жулі Гашэран.

Напярэдадні выбараў сацыёлагі прадказвалі, што рух прэзідэнта мае шанцы набраць ад 370 да 400 з 577 месцаў у парламенце. Апанентка Макрона на прэзідэнцкіх выбарах Марын Ле Пэн таксама мае намер сфармаваць дэпутацкую фракцыю. Цяпер «Нацыянальны фронт» мае толькі 2 мандаты, паводле сацыёлагаў, Ле Пэн мае шанцы ўбачыць да 15 паплечнікаў у Нацыянальным сходзе Францыі. Але амбіцыі Макрона яшчэ больш моцныя. Ён мае намер стаць прэзідэнтам усіх французаў, прынамсі ягоныя заявы аб палітычным абнаўленні знайшлі водгук у шмат якіх выбарцаў.

«Гэта абнаўленне, клірэнс, як мы гаворым, гэта абнаўленне палітычнага класу. Я ведаю асобаў, якія былі дэпутатамі па 40 гадоў, цяпер трэба рабіць змены», – кажа Жазэф Жафрэ.

«Я нічога не маю супраць ураду Макрона, але яны думаюць толькі пра сябе. Яны не думаюць пра іншых, і гэта глупства. Але сёння мы маем права пратэставаць супраць гэтага, і мы робім гэта ветліва», – выказваецца адзін з выбарнікаў.

Агулам у французскі парламент балатаваліся 7877 кандыдатаў у дэпутаты. Правілы галасавання падобныя да беларускіх, у першым туры для перамогі неабходна набраць больш за 50 галасоў выбарнікаў. У другім туры пераможцу дастаткова атрымаць звычайную большасць.

Па ўсёй краіне былі адкрытыя больш за 67 тысяч выбарчых участкаў, якія закрыліся гадзіну таму. Другі тур выбараў у парламент адбудзецца праз тыдзень, 18 чэрвеня.

 

Аркадзь Несцярэнка,«Белсат»; фота – REUTERS