Паніка на «Гомсельмашы»: расейцы далі грошы на камбайны, цяпер ні камбайнаў, ні грошай


На пачатку наступнага месяца з Татарстану прыязджаюць заказчыкі забіраць замову. Госці грошы за партыю камбайнаў заплацілі наперад, але прадукцыі для іх няма. Пра гэта паведамляюць крыніцы нашага тэлеканалу на Гомельскім вытворчым флагмане. І гэта пры тым, што завод – лідар у атрыманні бюджэтнай дапамогі. Куды падзеліся рэкордныя аб’ёмы дзяржаўнай падтрымкі?

2016-год пачынаўся для «Гомсельмашу» аптымістычна

За два папярэднія гады дэвальвацыя расейскага рубля і абвал тамтэйшага рынку паставілі яго на мяжу банкруцтва, але летась чакаўся разварот, бо Масква выдзеліла беларускім вытворцам беспрэцэдэнтныя льготы на сваім рынку.

Дзяржава дала прадпрыемству $ 300 млн. субсідыяў

Для таго, каб прадпрыемства магло дажыць да свайго чаканага адраджэння, дзяржава не толькі адтэрмінавала «Гомсельмашу» выплату за раней выдадзеныя крэдыты, але і выдала беспрэцэдэнтную разавую дапамогу памерам $ 300 млн.

«Два, якія патрапілі ў вельмі складаную сітуацыю. Гэта – Гомсельмаш і МАЗ. Зусім нядаўна пад жорсткія гарантыі кіраўнікоў гэтых прадпрыемстваў і ўраду, мной прынятыя рашэнні па стабілізацыі там становішча», – тлумачыў рашэнне Аляксандр Лукашэнка.

Грошы праелі, расейцаў «кінулі»

Але прайшоў год, за які ўся дапамога была праедзеная, выплата за крэдыты – зноў адтэрмінаваная, а завод – па-ранейшаму ў тройцы самых стратных прадпрыемстваў краіны. Болей за тое, дзякуючы згаданым расейскім субсідыям холдынгу ўдалося атрымаць буйную замову з Татарстану. Паводле непацверджаных афіцыйна звестак, на 45 машын, прычым паводле перадаплаты. Але цяпер, калі надышоў час здаваць замову, завод гэтага зрабіць не можа, бо не мае сродкаў на закуп металаў, паведамляюць нашыя крыніцы.

Завод стаіць, рабочыя падмятаюць тэрыторыю

Пасля перапынку на зімовыя вакацыі «Гомсельмаш» працуе сёлета кожны працоўны дзень. Што праўда, працуе – не зусім дакладная фармулёўка. Рабочыя прэсава-нарыхтоўчага цэху, напрыклад, кажуць, што свае беспасярэднія функцыі выконваюць усяго па 2 гадзіны на дзень. Астатні час – падмятаюць тэрыторыю або проста даседжваюць змену.

Так куды ў такім выпадку падзеліся грошы?

Куды ж можна было, за адзін год, падзець сотні мільёнаў долараў адтэрмінаваных крэдытаў, бюджэтных субсідыяў ды грошай кліентаў? Месяц таму КДБ затрымаў за хабарніцтва высокапастаўленых менеджараў «Гомсельмашу», а таксама МАЗу ды МТЗ. Але работнікі асцерагаюцца, што за краты пайшлі стрэлачнікі ды паляпшэнняў для свайго прадпрыемства ад гэтага не чакаюць.

Як вывесці «Гомсельмаш» з крызісу?

Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, былы працаўнік заводу Уладзімір Кацора сабраў круглы стол з удзелам работнікаў прадпрыемства ды адмыслоўцаў. Эканаміст Леанід Злотнікаў, запрошаны на абмеркаванне, падсумаваў вынікі дыскусіі наступным чынам – для асобнага заводу шанцаў на выйсце няма ніякіх. Шырокамаштабныя ж рэформы ўсёй эканомікі, якія б маглі дапамагчы, у тым ліку і «Гомсельмашу», у плане на пяцігодку, паказаным нядаўна ўрадам, не прадугледжваюцца.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: mosmonitor.ru