Паніка ІП у Барысаве. Бізнес гоняць з гораду


Стан індывідуальных прадпрымальнікаў на чатырох рынках Барысава – блізкі да панікі. Прычына – чуткі аб тым, што ўлады вырашылі перанесці гарадскія рынкі з цэнтральных раёнаў на ўскраіну гораду. Такое рашэнне нібыта прыняў новы старшыня барысаўскага райвыканкаму Генадзь Дзенгалёў, якога Аляксандр Лукашэнка прызначыў каля двух месяцаў таму.

«Сказалі, хаця, усё гэта – чуткі, што да 31 траўня мы тут будзем, а потым зусім незразумела – вось куды, з усім гэтым», – каментуе сітуацыю мясцовая прадпрымальніца.

Чуткі нарадзіліся пасля таго, як на дзейных месцах прадпрымальнікам пачалі падаўжаць кантракты аб арэндзе толькі да сярэдзіны наступнага году, хаця раней падпісвалі раз на тры гады.

«Нават людзі, якія да нас прыходзяць – пакупнікі, яны ўсе абураныя да такой ступені. Як гэта – куды нам потым ездзіць, пажылым людзям. Ды і мы. Зараз у краіне ідзе такая сітуацыя, што, наадварот, трэба даваць працоўныя месцы людзям, а не выкідваць нас немаведама куды», – тлумачыць яшчэ адна прадпрымальніца.

Гандляры асцерагаюцца: у выпадку перасялення, іх чакае банкрутства

Бо пакупнікі пачнуць закупацца ў іншых гандлёвых кропках, якія будуць да іх бліжэй.

Сёння прадпрымальнікі накіраваліся патрабаваць акрэсленага адказу ад гарадской адміністрацыі – будуць іх зносіць ці не. Ім адказалі расплывіста: маўляў, можа быць так, а можа яшчэ і не пераселяць. Два драбнейшыя рынкі абяцаюць пакінуць у любым выпадку, а вось два найбуйнейшыя – называныя Стадыён, і Веста – сапраўды пад пагрозаю. Калі ўлады зацвердзяць існы намер пашырыць тамтэйшую дарогу да шасціпалоснай, рынкі, паводле прадстаўнікоў выканкаму, прыйдзецца зліквідаваць. Дакладней, кажуць, што – проста перанясуць іх у іншае месца.

Але…

«Усе прадпрымальнікі ў адзін голас кажуць – гэта – раўназначна таму, што мы страцім усе працу. Прадпрымальнікі цвёрда заявілі, што ніхто пераязджаць нікуды ня будзе. Нават гучалі такія словы, што хутчэй вы з’едзеце, чым мы сыдзем. Бо сітуацыя ў эканоміцы смутная, грошай на пераезд прадпрымальнікі не маюць», – даводзіць лідар абʼяднання Перспектыва Анатоль Шумчанка.

Дзяяч прымальніцкага руху Анатоль Змітровіч сцвярджае, што малых прадпрымальнікаў выцясняюць адмыслова, у інтарэсах буйных гандлёвых сетак, якія лабіруюць свае інтарэсы на найвышэйшых узроўнях улады. Барысаўскія прадпрымальнікі спадзяюцца на кампраміс, але, у выпадку абвастрэння, выказваюць гатовасць і да рашучых дзеянняў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum