Памёр «Вялікі архітэктар Еўропы»


Нямеччына развітваецца са сваім былым канцлерам Гэльмутам Колем. Ён пайшоў з жыцця на 88-м годзе ўчора ўвечары ў сябе дома ў горадзе Людвігсгафэн-на-Рэйне.

Пасля падзення Берлінскага муру палітык дамогся падпісання дамовы аб валютным, эканамічным і сацыяльным звязе ФРГ і ГДР, а ў 1991 годзе стаў першым канцлерам абʼяднанай Нямеччыны.

«Гэта было майстэрскае кіраванне на самым высокім узроўні, для людзей і для міру. Гэльмут Коль быў сапраўднай удачаю для нас, немцаў. Ён змяніў маё жыццё: як і мільёны іншых людзей, я пазбегла дыктатуры ГДР і жыла ў свабодзе, я змагла пачаць жыць без страху сталага назірання. Усё, што адбылося цягам наступных 27 гадоў, было б немагчымае без Гэльмута Коля», – кажа канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель.

Гэльмута Коля называюць абʼяднальнікам і архітэктарам Еўропы – дзякуючы ягонай упартасці ды веры ў Абʼяднаную Еўропу ў 92-м годзе падпісалі Маастрыхцкую дамову, што запачаткавала Еўразвяз і паспрыяла ўвядзенню адзінай валюты.

«Гэльмут Коль быў дасведчаным чалавекам, які клапаціўся пра іншых людзей. Ён меў моцны характар, быў патрабавальны да сябе і рабіў больш, чым быў абавязаны. Ён быў узорам для пераймання. Ягонае насычанае жыццё скончылася, але праца працягвае жыць. Мы ніколі не забудзем спадара Коля – ён зрабіў вялікі ўнёсак у Нямеччыну і Еўропу«, – адзначае прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штанмайер.

Прычыны смерці сваякі пакуль не агучваюць, але цягам апошніх гадоў палітык моцна хварэў, перанёс аперацыю на кІшачніку і перасоўваўся ў вазку.

Жыхары Берліну кажуць:

«Для мяне ён быў вялікім дзяржаўным дзеячам. Я жыву ў Нямеччыне ўжо больш за 30 гадоў, і калі спадар Коль быў ва ўрадзе, усё было выдатна. Ён мне падабаўся, для мяне ён быў сапраўды вялікім чалавекам».

«Менавіта спадару Колю мы абавязаныя тым, што можам стаяць тут, што можам прайсці праз Брандэнбурскую браму. Я быў тут у час ГДР, і я ведаю, як выглядаў горад. Ён вельмі змяніўся, і я цешуся, што цяпер усё па-іншаму. Думаю, што гэтым мы абавязаныя спадару Колю«.

«Я не быў задаволены ім як канцлерам – у мяне ёсць адчуванне, што скарачэнне сацыяльных паслуг, якое мы назіраем і цяпер, пачалося з яго. Мне вельмі шкада яго як чалавека, але што да ягонага кіравання, то я шчаслівы, што ўсё скончылася».

Канец палітычнай карʼеры Коля быў азмрочаны карупцыйным скандалам – яго абвінавачвалі ў тым, што ён утаіў атрыманыя Хрысціянска-дэмакратычным звязам два мільёны нямецкіх марак. Канцлер ніякіх каментароў на гэты конт не даваў, але ў 2000 годзе быў вымушаны сысці з пасады ганаровага старшыні гэтай партыі – гэтае крэсла палітык займаў 25 гадоў.

 

Настасся Храловіч, «Белсат»; фота – REUTERS/Michael Urban