Памятная шыльда, вуліца, парк. Як ушануюць Васіля Быкава ў Менску?


Ветэран, пісьменнік, шчыры прыхільнік нацыянальнага адраджэння. Імя Васіля Быкава дагэтуль як след не ўшанаванае ў нашай Айчыне. Выправіць гэтую сітуацыю вырашылі самыя грамадзяне без дапамогі дзяржавы, і ўжо неўзабаве на доме пісьменніка ў Менску мае з’явіцца памятная шыльда.

Спачатку помнік Касцюшку, потым шыльда, што ўшаноўвае Рыгора Барадуліна. Грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка, які арганізаваў збор сродкаў на гэтыя ініцыятывы, давёў – беларусы гатовыя ахвяраваць на нацыянальную справу.

«За пяць дзён людзі ахвяравалі 32 адсоткі, больш за 2000 рублёў, ажно ўчора выйшла на сувязь віцебская фірма «Рубікон», якая прадукуе лекі. І паведаміла, што яны дакладуць суму, якой не хапае», – распавядае грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка.

Цяпер шыльда яшчэ будзе чакаць дазволу ў гарвыканкаме. Між тым, актывісты «Моладзі БНФ» распачалі збор подпісаў за наданне менскаму парку 50-годдзя Кастрычніка новага імя – Васіля Быкава.

«Ён хацеў бачыць іншую Беларусь, новую Беларусь, дэмакратычную Беларусь. Такія людзі павінны ўшаноўвацца ў нашай краіне», – кажа актывіст «Моладзі БНФ» Данііл Каролька.

«Такія паркі як 50-годдзя Кастрычніка, 60-годдзя Уга Чавэса і іншыя ня вартыя таго, каб насіць такія назвы. У нас ёсць свае выбітныя паэты, пісьменнікі», – мяркуе намеснік старшыні «Моладзі БНФ» Дзяніс Мандзік.

Менчукі ж, апытаныя «Белсатам», сцвярджаюць, што аднаго парку імя Васіля Быкава будзе недастаткова – у гонар пісьменніка варта было б перайменаваць вуліцу.

Жыхары Менску кажуць:

«Адну з цэнтральных, не магу дакладна сказаць якую. Вартых яго велічы, скажам так».

«Якую дазволяць, такую і можна, але мабыць, дзе-небудзь у цэнтры гораду».

«Наўрад ці гэта будзе зроблена, але ідэя – добрая».

Адметна, што назваць вуліцу імем Васіля Быкава ўжо спрабавалі. Сем гадоў таму кампанія «Гавары праўду», якую тады ачольваў Уладзімір Някляеў, сабрала ў падтрымку перайменаванняў вуліцаў у Менску і Горадні 100 і 40 тысяч подпісаў адпаведна.

«Калі я быў у старшыні гарвыканкама, ён мне стаў жаліцца, што гэта затратная штуковіна, што трэба шыльды на вуліцах, сродкі. Я сказаў – мы збяром! Толькі вырашыце пытанне!» – кажа паэт і палітык Уладзімір Някляеў.

Пытанне вырашана і не было. Як адбудзецца ў выпадку з паркам – час пакажа.

Суцяшае ж прынамсі тое, што неабыякавыя людзі памятаюць Васіля Быкава, і нават гатовыя дзеля гэтае памяці нешта ахвяраваць.

 

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»