«Памятаю 90-ыя, бандыты былі лепш». Новы выпадак міліцэйскага бязмежжа


Сёлета 9-га красавіка пачалася гісторыя супрацьстаяння Сяргея Помазава, жыхара вёскі Пыхань, што пад Гомлем, і супрацоўнікаў спецпадраздзялення дарожна-патрульнай службы «Страла» міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Паводле спадара Сяргея, супрацоўнікі ДАІ без папярэджання заехалі ў двор мужчыны і патрабавалі паказаць правы і дакументы на аўтамабіль.

«Яны мяне за рукі хапалі, за рукавы, цягнулі ў машыну, казалі давайце там сядзем разбярэмся», – сведчыць Сяргей Помазаў.

На відэа, знятым дачкой спадара Сяргея, міліцыянты кажуць, што мужчына некалькімі хвілінамі раней не спыніў аўтамабіль на патрабаванне ДАІ, ды ўцёк у свой двор. Помазаў сцвярджае, што ніхто яму знакаў спыніцца не даваў, а хутка ўцячы ля ягонага дому – немагчыма. Перад брамай знаходзіцца «ляжачы паліцэйскі». Толькі пасля таго як спадар Сяргей выклікаў міліцыю, нязваныя госці рэціраваліся.

«Яны ўцяклі. Калі б я быў вінаваты то хоць пратакол нейкі напісалі, склалі нешта. А так я нічога не парушаў і быў цвярозы. Тут усе ведаюць што я не пʼю» – даводзіць Сяргей.

ДАІ «ў танку»

Пазней, абураны дзеяннямі супрацоўнікаў «Стралы» мужчына напісаў скаргу ў Веткаўскі РУУС. Яе перанакіравалі ў Менск у спецпадраздзяленне. А адтуль прыйшоў адказ, маўляў справа не па адрасе. А ва ўпраўленні ДАІ пра інцыдэнт нічога не чулі.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка кажа, што міліцыя надзеленая правам заходзіць на прыватную тэрыторыю, але гэта мусіць быць нечым абгрунтавана. Калі ж, як у выпадку са спадаром Сяргеем, супрацоўнікі ворганаў нічога не прадʼяўляюць гаспадару дому, той у праве папрасіць іх сысці.

Прыкладаў, калі сілавікі перавышаюць паўнамоцтвы хоць адбаўляй

За апошнія два тыдні супрацоўнікі МУС ледзь не кожны дзень станавіліся антыгероямі навінавых стужак. То затрымалі за рулём пʼянага начальніка Столінскага РАУС, праз тыдзень на тым жа трапіўся і іншы мясцовы супрацоўнік МУС. У Крычаве міліцыянты аддавалі прэміі свайму начальніку. У Менску два дні ў пастарунку збівалі маладога майстра тату, каб той прызнаўся ў крадзяжы грошай.

«Гэта ўзаконеныя злачынцы. Лукашэнка іх узаконіў. Управы на іх няма. Я ж памятаю 90-тыя, бандыты і то былі лепш», – мяркуе спадар Помазаў.

На такія б словы міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч хіба ізноў сказаў бы, што супраць ягонага ведамства вядзецца інфармацыйная вайна. А мы працягнем сачыць за імаверным працягам гэтай гісторыі.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum