Паміж Пуціным і Трампам – «пазітыўная хімія»


Пра яе распавёў Рэкс Тылерсан.

У часе перамоваў прэзідэнтаў ЗША і Расеі паміж лідарамі ўзнікла, як сказаў дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан, «пазітыўная хімія». Замест пратакольных 45-ці хвілінаў сустрэча Трампа і Пуціна ў Гамбургу працягвалася больш за дзве гадзіны. Усе назіральнікі адзначылі, што абодва прэзідэнты былі падкрэслена ветлівыя адзін да аднаго.

«Мы збіраемся пагаварыць цяпер, і відавочна, гэта будзе працягвацца, але мы з нецярплівасцю чакаем станоўчых рэчаў, якія адбудуцца і для Расеі, і для Злучаных Штатаў, і для ўсіх зацікаўленых бакоў. І для мяне гонар быць тут з вамі. Дзякуй», – сказаў Доналд Трамп.

Пасля перамоваў з Трампам, кіраўнік Расеі папрасіў прабачэння ў прэм’ера Японіі, які гадзіну чакаў расейскага лідара. Тут жа на палях саміту «Вялікай дваццаткі» расейскі лідар абазначыў, пра што менавіта ён размаўляў з Трампам: «Назбіралася шмат пытанняў: і Украіна, і Сірыя, і двухбаковыя пытанні».

Пра што канкрэтна размаўлялі прэзідэнты Расеі і ЗША, больш падрабязна распавялі кіраўнікі вонкавапалітычных ведамстваў – Сяргей Лаўроў і Рэкс Тылерсан. Апроч перакладчыкаў толькі яны прысутнічалі на перамовах Трампа і Пуціна. Масква і Вашынгтон дасягнулі чатырох канкрэтных дамоўленасцяў, заявіў Лаўроў. Самая значная – заўтра на паўднёвым захадзе Сірыі будзе ўведзенае замірэнне. Паводле дырэктара Інстытуту Кенана ў Вашынгтоне, гэта адначасова і самае хісткае дасягненне, бо ўжо не раз спыненне агню ў Сірыі зрывалася. Апроч таго, Мэт’ю Раджэнскі звярнуў увагу на працягласць размовы.

Што больш за ўсё ўразіла, дык гэта працягласць перамоваў, калі чакаюць іншыя сусветныя лідары. Час прэзідэнта – гэта самая каштоўная валюта, якую вы маеце ў Вашынгтоне ці ў Белым доме», – кажа Раджэнскі.

Таксама аналітык адзначыў, што праз сустрэчу з Трампам у Гамбургу Пуцін, хай і сімвалічна, разбурыў намаганні папярэдняй адміністрацыі ЗША.

«Як толькі Пуцін пачаў ваенную аперацыю ва Украіне, адміністрацыя Абамы сказала: мы ізалюем Расею. Расею выключылі з Вялікай васьмёркі, і гэтак далей. Цяпер падчас сустрэчы з лідарам вольнага свету ў самай магутнай еўрапейскай краіне, здаецца, што Пуцін ужо не такі ізаляваны», – лічыць эксперт.

Апроч дамоўленасцяў пра Сірыю ў часе перамоваў было вырашана стварыць асобны канал камунікацыі паміж ЗША і Расеяй адносна Украіны, таксама будзе створаная працоўная група ў пытанні кібербяспекі.

Пуцін, дарэчы, яшчэ раз зняпраўдзіў датычнасць Масквы да хакерскіх атак у часе прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. Таксама бакі дамовіліся паскорыць прызначэнне новых амбасадараў у дзвюх краінах.

Яшчэ напярэдадні сустрэчы прэзідэнтаў, у сацсетках масава жартавалі пра тое, што Пуцін маніпулюе Трампам. Але палітолагі ўсё ж больш стрыманыя ў ацэнках і адзначаюць, што менавіта расейскаму лідару гэтая сустрэча была больш патрэбная, чым Трампу. Амерыканскі лідар пакінуў прарасейскую рыторыку ў мінулым, а пасля пераезду ў Белы дом, не зрабіў ніводнага кроку насустрач Крамлю.

Аркадзь Несцярэнка; фота вокладкі – Mikhail Metzel / TASS