Паміж Масквой і Менскам – чарговы віток малочнай вайны


Малочная вайна не сціхае. Тры новыя прадпрыемствы з Беларусі трапілі ў чорны спіс Рассельгаснагляду.

Сярод іх адно – з расейскім капіталам. Ад сёння ім забаронена прадаваць сваю прадукцыю на расейскім рынку. Фармальная прычына – павялічаная канцэнтрацыя шкодных рэчываў. Але, адначасова старшыня Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт назваў і больш істотную прэтэнзію да беларускай прадукцыі. Падрабязней – Станіслаў Івашкевіч.

Знялі абмежаванні з двух беларускіх прадпрыемстваў. Але, адначасова, увялі абмежаванні супраць трох. Гэтым скончылася сустрэча паміж беларускім і расейскім санітарным ведамствамі, якая прайшла на мінулым тыдні ў Бранску.

Пад новыя абмежаванні патрапіў Менскі малочны завод N 1, Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання і супольнае беларуска-расейскае прадпрыемства «Данон-Пружаны». Прычына – перавышэнне ў іх малацэ канцэнтрацыі нітратаў. Здымаюцца абмежаванні толькі з двух малаказаводаў – «Малочныя горкі» і «Белсыр».

«Тое, што, насамрэч, будуць, у бліжэйшыя гады працэсы скарачэння беларускага экспарту ў Расею, на фоне аднаўлення расейскай вытворчасці малака, можна не сумнявацца», – ўпэўнены былы намеснік кіраўніка Менскай вобласці Аляксандр Ярашук.

Адмыслоўцы тлумачаць: шмат якія санітарныя нормы ў Расеі – настолькі жорсткія, што выканаць іх, збольшага, нерэальна. То бок, практычна ўся прадукцыя на расейскім рынку фармальна парушае гэтыя правілы. Таму выяўляць гэтыя парушэнні Рассельгаснагляд бярэцца, як правіла, у выпадках, калі на гэта існуе іншая прычына. Часам – палітычная, але ў беларускім выпадку – гаворка пра падазрэнні ў кантрабандзе. Гэтак, у пятніцу старшыня Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт заявіў, што беларускія малочныя прадпрыемствы пастаўляюць у Расею значна больш прадукцыі, чым здольныя вырабіць.

«Мы не можам шырока ісці (адчыняць пастаўкі з шмат якіх беларускіх прадпрыемстваў – рэд.), паколькі ёсць у Беларусі заводы, якія пастаўляюць прадукцыі больш, чым іх магутнасць. Ёсць тыя, якія пастаўляюць прадукцыю ў абыход нашых кантрольных пунктаў. Як мы можам такія прадпрыемствы заахвочваць?» – заявіў Сяргей Данкверт.

Аляксандр Ярашук адзначае: калі вытворчасць беларускіх малочных прадуктаў збольшага стратная і вымагае вялікіх дзяржаўных субсідыяў, то спекулятыўны рээкспарт у Расею заходняга малака, якое там забароненае ў рамках контрсанкцый Крамля супраць краінаў Захаду, гэта бізнес надзвычай прыбытковы. Бо тую прадукцыю ўжо прасубсідаваў Еўразвяз.

«І Украіна, і Польшча, і Літва, у тым ліку з удзелам беларускага боку і расейскага бізнесу – усе, у дадзеным выпадку, выйграюць і ўсе маюць сваю маржу«, – працягвае Аляксандр Ярашук.

Паводле расейскага санітарнага ведамства, цягам апошніх гадоў з Беларусі, наўмысна ў абыход кантрольных пунктаў Рассельгаснагляду, увезлі 350 тысяч тонаў малака. Гэта каля 5 % ад афіцыйных беларускіх паставак у гэтую краіну.

Адмыслоўцы тлумачаць, што кантрабанда заходняга малака праз Беларусь у Расею мае і адмоўныя для нашай краіны наступствы. Калі б не кантрабанда, дадатковыя прыбыткі ад паставак на расейскі рынак атрымлівалі б беларускія фермеры ды прадпрыемствы, павялічваючы занятасць у краіне ды развіваючы айчынныя сельскагаспадарчыя тэхналогіі. Апрача таго, калі б тая прадукцыя не ішла ў Расею, кошты на яе ў Беларусі былі б ніжэйшыя.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Viktor Drachev/TASS/ Forum