Палякі правялі акцыю пратэсту пад беларускай амбасадай


Беларускую амбасаду ў Варшаве пікетуюць не ўпершыню – пераважна самыя беларусы, якія стала жывуць у польскай сталіцы. Аднак сёння да дыпламатычнага прадстаўніцтва нашае краіны выйшлі палякі, яны патрабавалі спыніць русіфікацыю дзвюх школаў з польскаю моваю навучання – у Горадні ды Ваўкавыску.

Лукашэнку русіфікацыя выйдзе бокам

«Калі Лукашэнка захоча мець нейкія сувязі апроч Масквы, то ён, вядома, мусіць спыніць гэтую рэформу. Больш за тое, мы будзем дамагацца, каб гэтыя дзве школы на такую колькасць людзей захаваліся з навучаннем па-польску. Але спадзяемся, што ўлады Беларусі не зліквідуюць іх, інакш гэта вельмі дрэнна адабʼецца на польска-беларускіх адносінах у будучыні», – зазначыў чалец Сейму Робэрт Вінніцкі.

У Літве, падкрэсліваюць у фундацыі «Młode Kresy», якая зарганізавала сённяшні пратэст каля амбасады, жывуць прыкладна 160 тысячаў грамадзянаў польскага паходжання, і там на сёння працуе 100 польскіх школаў. У Беларусі ж – амаль 300 тысячаў палякаў, і школаў тут усяго дзве.

«Я паходжу з Ліды, дзе каля сарака адсоткаў жыхароў – гэта людзі з польскімі каранямі. І, на жаль, у нас няма аніводнай польскай школы. Таму кожны вучыцца самастойна», – наракае Міраслаў Капцэвіч, кіраўнік фундацыі «Młode Kresy»

З чаго ўсё пачалося?

Сёлета ўлады Беларусі пастанавілі зрабіць папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі, у выніку чаго выпускнікам школаў у Ваўкавыску і Горадні, магчыма, ужо ў наступным годзе давядзецца вывучаць некаторыя дысцыпліны па-расейску, а школьныя іспыты здаваць толькі на адной з дзяржаўных моваў.

Арганізатары пікету спадзяюцца, што польскія ўлады паўплываюць на сітуацыю падчас далейшых перамоваў з афіцыйным Менскам. Інакш школы ў Ваўкавыску і Горадні можа напаткаць такі самы лёс, як і адзіную польскамоўную групу ў дзіцячым садку ў Горадні, якую ўлады зліквідавалі.

Вы нам – польскія школы, а мы вам – беларускія

«Я таксама – за развіццё навучання па-беларуску ў Беларусі. Каб моладзь перадусім размаўляла на сваёй мове. Бо цяпер, на жаль, такая сітуацыя, што моладзь не можа паразумецца на роднай мове, што тут казаць тады пра польскую мову?», – даводзіць спадар Капцэвіч.

Аднак самыя гарадзенцы і ваўкавысцы не здаюцца – месяц таму Саюз палякаў у Беларусі сабраў і адправіў у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі амаль 6 тысяч подпісаў у абарону польскамоўных школаў. Ці пачуе кіраўнік Беларусі голас польскай меншасці, якая адстойвае права сваіх суайчыннікаў навучацца на роднай мове, ды ці пачулі беларускія дыпламаты сённяшніх пікетоўцаў?

Віталь Бабін, Алесь Яшчанка, «Белсат», фота: racyja.com