Палітыка ў бок. Беларусь і Еўразвяз пачалі будаваць прагматычныя стасункі


Назіральнікі з Аб’яднанай Еўропы не заўважылі на працягу мінулага году істотных паляпшэнняў у сферы правоў чалавека ў нашай краіне – гаворыцца ў адмысловай справаздачы. Здавалася б – нічога новага, калі б напярэдадні ня быў перанесены візіт еўракамісара Ёханеса Хана ў беларускую сталіцу. Але адмыслоўцы адмахваюцца – ні Менск, ні Брусель большае ўвагі такім планавым дакументам не надаюць.

«Там, у Бруселі трошкі ведаеце, хістаюць пальчыкам, маўляў вы там не перагінайце кій са здушэннем унутранай палітычнай актыўнасці. Ну, а Менск робіць выгляд, што – так, мы ж там вучні ў вашай школе дэмакратыі», – кажа палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

І сапраўды – нягледзячы на цэлую хвалю пакаранняў грамадскіх актывістаў і палітычных лідараў адміністратыўнымі арыштамі і няспынны ціск на незалежныя медыі, Абʼяднаная Еўропа гатовая бачыць кіраўніка Беларусі на саміце Усходняга партнёрства 24-га лістапада. Ці прыме Лукашэнка паўафіцыйнае запрашэнне яшчэ не вядома, але тое, што паседжанне абяцае ня быць млявым – факт.

На мінулым саміце інтарэсы Менску прадстаўляў Уладзімір Макей

Кіраўнік айчыннай дыпламатыі заклікаў тады, адкласці палітыку ў бок.

«Мы можам абмяжоўвацца нейкімі палітычнымі дэкларацыямі, пераконваць адзін аднаго, што трэба рухацца ў бок ЕЗ, або яшчэ кудысьці, але ад гэтага ня будзе сэнсу, калі простыя людзі не адчуюць аддачы», – даводзіў міністр.

Найперш выгада для Менску, а ўжо пасля рэформы

Праўда, нават так, цяжка ўявіць, каб беларускія ўлады раптам стварылі незалежную судовую сістэму, ці спынілі ціск на палітычных апанентаў, пра што крытыкуе іх справаздача, мяркуюць адмыслоўцы. Але ёсць пытанне, дзе гандаль магчымы.

«Такая рэч, як смяротнае пакаранне – зʼяўляецца прадметам гандлю і мне здаецца афіцыйны Менск выбірае найбольш зручны момант і чакае самую выгадную сітуацыю, пры якой можа пайсці на мараторый, або наагул – на адмену смяротнага пакарання», – упэўнены палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Правы чалавека? Давайце яшчэ раз гэта абмяркуем

Адмена смяротнага пакарання не раз сустракаецца сярод рэкамендацыяў гэтак званага Універсальнага перыядычнага агляду ААН, прыняцце рэкамендацыяў якога стала адным з нешматлікіх пазітыўных пунктаў еўрапейскай справаздачы. Раз на 4,5 гады краіны-сябры арганізацыі атрымліваюць парады ад сваіх калег. Большая частка парадаў для Беларусі тычацца ўласна правоў чалавека, але не варта ўспрымаць іх прыняцце, або адмову выканання надта сурʼёзна.

«Там пераважаюць фармулёўкі, кшталту – «працягнуць вывучэнне пытання пра мэтазгоднасць, ну смяротнага пакарання». Усё гэта такой бюракратычнай мовай і няма канкрэтных абавязкаў, да прыкладу – увесці мараторый, адмяніць крымінальны артыкул за дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі. А «вывучаць досвед», ці знаёміцца з рэкамендацыямі беларускія чыноўнікі могуць бясконца», – тлумачыць спадар Цыганкоў.

І пакуль спадар Класкоўскі іранізаваў з бюракратызму ААН, беларускі МЗС сапраўды звярнуўся да Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека з просьбай пра тэхнічную дапамогу ў пытаннях рэалізацыі нацыянальнага плану па правах чалавека. Маўляў, працягнуць вывучаць міжнародны досвед у гэтым няпростым пытанні.

Усевалд Шлыкаў, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum