Аб'ектыў 26.07.2017 Палітолаг: Для зменаў трэба сто тысячаў чалавек, якія не разыходзяцца


Беларусі неабходны свабодныя выбары прэзідэнта і Парламенту. Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу прыняла адпаведную заяву, у якой патрабуе ад уладаў неадкладна правесці новыя выбары пад міжнародным кантролем.

БНК: нязменнасць дзейнай улады завяла краіну ў тупік

Інтэлектуальны патэнцыял усёй вертыкалі на чале з галавою дзяржавы далёка адстаў ад узроўню грамадства. Толькі як можна правесці свабодныя выбары ў беларускіх умовах? Гістарычны досвед паказвае, што такія змены магчымыя пры вялікіх народных узрушэннях.

«Трэба каб на вуліцы стаяў велізарны натоўп, дзесьці сто тысячаў чалавек, і каб гэты натоўп не разыходзіўся, людзі патрабавалі, стаялі і гатовы былі змагацца за гэтыя выбары», – упэўнены палітолаг Валер Карбалевіч.

Калі гэта стане, ніхто не ведае

Эксперты падкрэсліваюць, што сацыяльныя выбухі рэдка калі можна спрагназаваць – гэтак было ўвесну сёлета, калі беларусы масава выходзілі па ўсёй краіне і дабіліся адтэрміноўкі Дэкрэту № 3.

Тым часам Беларускі нацыянальны кангрэс ладзіць найбліжэйшую акцыю пратэсту ўжо 8-га верасня. Маніфестацыя супраць правядзення расейскіх вайсковых вучэнняў пройдзе на Кастрычніцкай плошчы ў Менску а 18-й гадзіне.

Аляксандр Лукашэнка бяззменна кіруе ў Беларусі ўжо 23 гады. Гэта адзіны такі феномен у сучаснай Еўропе. За гэты час вырасла ўжо новае пакаленне беларусаў, а ўва ўсіх нашых суседзяў паспела змяніцца 3-5 прэзідэнтаў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары