Пальчыс пра «Спутнік і пагром»: «Арыштавалі беларусафобаў і чыноўнікі сталі праяўляць ініцыятыву»


Аніякіх пагромаў нашай краіне не трэба!

Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да расейскага чарнасоценнага сайту «Спутник и погром» на тэрыторыі Беларусі. Падставаю стаўся вырак суду Цэнтральнага раёну Менску аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялаў, змешчаных на інфармацыйным рэсурсе расейскіх нацыяналістаў.

«Рэспубліканская экспертная камісія ацэнкі інфармацыйных прадуктаў зрабіла сваё заключэнне, сваю выснову і прызнала, што ў гэтых матэрыялах на «Спутнике и погроме» прысутнічаюць заклікі да гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу», – патлумачыў Дзяніс Івашын, беларуская служба «Inform Napalm».

Справу пачалі «неабыякавыя» грамадзяне

Што праўда, для таго, каб прызнаць рэсурс, які, па-сутнасці, адмаўляе беларусам у праве на існаванне, уладам спатрэбілася прынамсі паўтара года. Першыя спробы заблакаваць «Спутник и погром» неабыякавыя грамадзяне нашай краіны рабілі прынамсі са снежня 2014 года.

«Адзін з актывістаў Абʼяднанай грамадзянскай партыі падаў заяву ў праваахоўныя органы, каб яны зрабілі правяранне на прадмет выяўлення на сайце sputnikipogrom.com экстрэмісцкіх матэрыялаў. І, паводле гэтага здзейсненага правярання, гэтых матэрыялаў, на жаль, праваахоўныя органы парушэнняў не пабачылі», – узгадвае Дзяніс Івашын.

Заявы на «Спутник» грамадзяне пісалі масава

У чэрвені 2015-га на рэсурсе «1863х.com» з’явілася форма заявы з просьбаю да ўладаў заблакаваць расейскіх прапагандыстаў на тэрыторыі Беларусі. Паводле аўтара звароту, блогера Эдуарда Пальчыса, які ствараў уласны сайт менавіта як супрацьвагу «Спутнику и погрому», за гэты час у Міністэрства інфармацыі даслалі каля 60-ці заяваў, і сам актывіст паспеў адседзець у турме і выйсці.

«Хай і са спазненнем, але ўлады, відаць, пачынаюць даходзіць да разумення таго, што гэткія рэсурсы павінны быць заблакаваныя. Нядаўна былі арыштаваныя гэтыя тры беларусафобы, і тут ужо чыноўнікі пачалі смялей праяўляць ініцыятыву» – упэўнены Эдуард Пальчыс.

Рэсурс забаранілі, але толькі на словах

Між тым хоць «Спутник и погром», як вынікае з афіцыйных дакументаў, і быў прызнаны экстрэмісцкім яшчэ 26 снежня летась – практычна адначасова з гучнымі арыштамі аўтараў-беларусафобаў іншага не менш адыёзнага расейскага сайту «Рэгнум», а вырак пачаў дзеяць 6 студзеня сёлета, чарнасоценскі рэсурс усцяж свабодна адчыняецца на тэрыторыі нашай краіны. Не зважаючы на афіцыйную забарону.

«Найперш трэба абараняць сваю інфармацыйную прастору. Трэба да мінімуму звесці прысутнасць расейскіх тэлеканалаў, расейскіх сродкаў масавай інфармацыі ў інфармацыйнай прасторы Беларусі. Гэта першае і падставовае, што павінны зрабіць беларускія ўлады», – даводзіць спадар Івашын.

Бо краіна ў нас адна – незалежна ад палітычных поглядаў ці пасадаў. А таму і пагатоў шкада, што каментаваць сітуацыю для «Белсату» Міністэрства інфармацыі адмовілася.

Валер Руселік, «Белсат»