Палата прадстаўнікоў збіраецца фактычна забараніць беларускую мову на таварах


Далёка не заўсёды назвы папулярных беларускіх марак можна прачытаць на роднай мове. Выключэнні здараюцца, але пераважную большасць тавараў у гандлёвых пунктах Беларусі маркіруюць па-расейску. Канстытуцыя гарантуе кожнаму спажыўцу доступ да роднае мовы. Аднак змаганні ў гэтай справе розных арганізацыяў гадамі не прыносяць вынікаў.

Або дыверсія або памылка

«У выніку памылкі або нечай варожай дзейнасці былі ўведзеныя нормы, калі можна ўжываць або расейскую, або беларускую. Гэта ў нашай сітуацыі згубна. Норма мусіць быць іншай: і расейская, і беларуская абавязкова на ўсіх этыкетках і ўпакоўках», – упэўнены галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько.

Вінаваты Мытны саюз?

Сітуацыя вакол беларускае мовы ў гандлі пагоршылася ўжо з уваходам у дзеянне тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу. Новы дакумент прадугледжвае першынство расейскае мовы. Беларуская мова на ўпакоўках айчынных тавараў можа зʼявіцца толькі як дадатковая пры асаблівым жаданні вытворцы.

«Гэты выпадак унікальны для свету. Казахстан, Кыргызстан, Арменія – усе краіны, у тым ліку краіны Мытнага саюзу, яны абараняюць свае нацыянальныя мовы. Гэта натуральна, гэтак робяць і краіны Еўразвязу», – распавядае Андрэй Дынько.

Становішча можа яшчэ больш ускладніцца

У хуткім часе Палата прадстаўнікоў Беларусі збіраецца разгледзець змены і дапаўненні ў закон »Аб абароне спажыўцоў«. Калі планаваныя новаўвядзенні будуць ухваленыя, прыярытэтнасць расейскае мовы ў гандлі і паслугах практычна замацуецца цяпер ужо ў нацыянальным заканадаўстве. Як сведчаць даследаванні, сітуацыя выклікае спрэчныя ацэнкі.

«Калі чалавек не можа адаптавацца да дзьвух моваў – гэта ягоныя праблемы».

«Я сам беларус, але мне больш падабаецца расейская».

«Я за тое, каб усё было па-беларуску папісана. Мы жывём тут».

– кажуць жыхары Менску.

Хто абароніць мову?

Гомельскі актывіст Ігар Случак ужо год змагаецца супраць планаваных зменаў. За гэты час ён звярнуўся ўва ўсе магчымыя ўстановы, улучна з Адміністрацыяй прэзідэнта. Актывіст перакананы, што інфармацыю пра тавар ці паслугу мусяць пазначаць на дзвюх дзяржаўных мовах.

«Мне хочацца спадзявацца, што такі шанец ёсць. Ёсць падтрыманне часткі дэпутатаў, ёсць падтрыманне вялікіх і малых вытворцаў, ёсць падтрыманне Таварыства абароны спажыўцоў, ёсць падтрыманне грамадзянаў», – даводзіць Ігар Случак.

Чыноўнікі пакуль маюць сваю пазіцыю

Ігар Случак раней атрымаў адказ з Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Паводле ведамства, рэалізацыя прапановы грамадскага актывіста прывядзе да дадатковых фінансаваных і арганізацыйна-тэхнічных выдаткаў самых вытворцаў, а таксама выкліча павелічэнне коштаў тавараў ды паслуг. Такая пазіцыя выклікае сумневы ў некаторых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Маўляў, у Беларусі паспяхова працуюць фірмы, якія актыўна карыстаюцца беларускаю моваю.

А што самыя дэпутаты?

«Калі міністэрствы адказваюць, што гэта эканамічна немэтазгодна, яны нічым гэта не абгрунтоўваюць. Калі ж яны пастаўляюць свае тавары на іншыя рынкі, яны ж уводзяць іншыя мовы. Гэта што ні ў чым не замінае. Тут пытанне толькі ў тым, каб паважаць свой народ», – пераконвае дэпутатка парламенту Алена Анісім.

Як цвердзіць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, каб карысныя змены ў Закон аб абароне спажыўцоў сталіся магчымыя, неабходна добра сфармуляваць папраўкі. Да таго ж, абраннікі народу мусяць адчуць, што новыя нормы запатрабаваныя большасцю грамадзянаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»