Пакарміла амерыканцаў абедам – ледзь не атрымала штраф


Хочаш прымаць замежнікаў – мусіш за тры гадзіны паспець паведаміць пра іх у аддзел міліцыі. Такую пастанову прынялі ў Беларусі ўвосень мінулага года. Гэта стала чарговым ударам для беларускага малога бізнесу.

Юля Бука – уладальніца аграсядзібы «Родны кут», што на Глыбоччыне. Апроч занятку агратурызмам, яна яшчэ трымае сваю даволі вялікую гаспадарку. Таму ў яе няма часу, каб кідаць замежных гасцей і ехаць у Глыбокае іх рэгістраваць.

«Калі я буду прымаць гасцей замежных, але не буду афармляць дакументы, то на мяне рана ці позна завядуць справу, і я буду плаціць штрафы за гэта. Нашто мне быць сабе ворагам? То хай лепш адпачываюць госці там, дзе ёсць рэcэпшн, там, дзе ёсць службы спецыяльныя. А мы паціхеньку будзем працаваць на сваіх беларусаў», – кажа Юля Бука.

Летась у Букі быў непрыемны досвед, пасля якога яна вырашыла больш не мець справы з замежнымі турыстамі.

«Мы гатуем бацвінне. Гатуем так, як гатавалі нашыя дзяды. З гэтай паслугай мы даволі вядомыя. І адная турыстычная фірма захацела прывезці нам амерыканскіх турыстаў, якія адпачывалі ў Беларусі пяць дзён, каб тыя пакаштавалі нашую страву», – распавядае Бука.

Амерыканцы прыехалі толькі на абед, нават не прабылі тут і тры гадзіны. Аднак пра візіт даведаліся ў пашпартавым стале, і гаспадыні пагражаў штраф. Інцыдэнт потым быў вычарпаны, але асадак застаўся.

Вядома, можна не ехаць у пашпартавы стол, а зрабіць электронную рэгістрацыю праз сайт. Аднак за ўсё трэба плаціць.

«На выпадак, калі прыязджае шмат іншаземцаў, можна падлучыць электронны партал і самому зарэгістраваць іх. Толькі трэба для гэтага аплаціць пэўную суму і атрымаць у Полацку доступ да гэтага парталу. Але калі іншаземцаў не шмат, то сэнсу рабіць гэта няма, прасцей іх сюды [у пашпартны стол] прывезці», – кажа «Белсату» начальнік пашпартнага стала Глыбоцкага РАУСу Дзмітрый Хахолка.

Іншы ўладальнік аграсядзібы, Уладзімір Іванковіч, кажа, што патэнцыял у агратурызму вялікі, аднак цалкам зрэалізаваць яго цяжка. Перашкаджае гэтаму ў тым ліку і абавязковая рэгістрацыя замежнікаў.

«Прыйшла папера з міліцыі, што, як разумею, будуць да нас шпіёны ехаць ды іх абавязкова трэба на ўлік ставіць. Такіх маглі б адразу чыпаваць на мяжы, каб ведалі, што «крок управа, крок улева – расстрэл», – кажа Іванковіч.

Уладзімір Іванковіч прызнаецца, што яму не складана зарэгістраваць замежных турыстаў, аднак гэтая працэдура адпужвае патэнцыйных кліентаў.

«Не тое, што гэта такая ўжо напруга, якая зойме так шмат часу. Але калі ім, замежнікам, кажаш, што трэба вас на ўлік у РАУС паставіць, то іх перадзёргівае, бо ўсё гэта нагадвае пра сталінскія часы», – працягвае прадпрымальнік.

Улады, аднак, не стамляюцца паўтараць, што ўсяляк падтрымліваюць развіццё агратурызму ў Беларусі.

Міхась Ільін; фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum