Выпадак ці нядбайнасць? Падрабязнасці смерці вальшчыка лесу ў Берасцейскай вобласці


У Бярозаўскім раёне падчас нарыхтоўкі лесу пацярпеў 38-гадовы Віталь Грыб – на яго ўпала алешына, ад атрыманай траўмы мужчына памёр.

Віталь Грыб працаваў у прыватнай арганізацыі «Грын Рыч», уладальнік якой упэўнены: гэтае здарэнне – няшчасны выпадак, а сам Віталь у той дзень увогуле мусіў выконваць іншую працу.

«Ён проста галінкі прыбіраў, казаў, паеду, галінкі прыбяру, нешта такое. Я яму кажу – не зʼязджай, бо брускі трэ рабіць чалавеку, а ён – усё ўжо, настроены, чаго буду ўдома сядзець, сямʼю карміць трэба…» – гаворыць уладальнік фірмы.

Сапраўды: слядоў пілавання на дрэве не было, але следства пакуль ніякіх каментароў не дае – ідзе праверка. Калегі загінулага маюць наконт гэтай сітуацыі сваё меркаванне:

«Гэта не дрэва ўпала і чалавек памёр, гэта грубае парушэнне тэхнікі бяспекі. Чаму без каскі? Павінны быць інжынер, павінны быць майстар, гэтага няма, а проста з вуліцы бяруць, на вудачку зловяць, што, маўляў, мы столькі вось заплацім».

«Грын Рыч» займаецца толькі апрацоўкаю піламатэрыялаў, але апошнія два месяцы замоваў у фірмы зусім не было, і ўладальнік заключыў дамову аб нарыхтоўцы лесу для мясцовага лясгасу.

«Даводзяць план касмічны, а як таму лясніцтву выканаць той план – нікога не турбуе, гэтыя вальшчыкі, якія ёсць, выконваюць норму, а хто рэшту планаў будзе выконваць? Вось і даводзіцца наймаць гэтых іпэшнікаў, якія паняцця не маюць пры валцы лесу», – гаворыць Валеры Білібуха, вальшчык лесу.

Прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў мяркуюць, што беларусы пагаджаюцца на небяспечныя ўмовы працы ў пошуках большых заробкаў – паводле Белстату, рэальны заробак летась падаў некалькі разоў і паводле звестак на лістапад склаў 717 рублёў, або 370 долараў у эквіваленце. Але калі размова ідзе пра рэгіёны, разлічваць даводзіцца на меншую суму.

Праблема тэхнічнай бяспекі востра стаіць не толькі ў прыватных фірмах: год яшчэ не паспеў пачацца, а з розных куткоў Беларусі прыходзяць навіны пра смерць на працоўным месцы. Гэтак на мінулым тыдні працаўнік рэчыцкага прадпрыемства «Фрунзэ-агра» трапіў у кормараздатнік, а на самым пачатку года на шахцёра «Беларуськалія» зваліўся кавалак горнай пароды. Што да гадавой статыстыкі, то, паводле Белстату, толькі за адзін 2015 год на беларускіх прадпрыемствах загінула 72 асобы, а траўмы атрымалі больш за паўтары тысячы рабочых.

НХ, Белсат.

Фота: basintimber.wordpress.com