Аб'ектыў 03.10.2017 Падманам адабралі дачку пасля сваркі з чыноўнікамі


Змаганне з сістэмаю. І вынікі для нязгодных – драматычныя. Маці канфліктавала з чыноўнікамі сістэмы адукацыі. Цяпер ейная 8-гадовая дачка ў інтэрнаце. Жанчына шукала праўды ў судзе Фрунзенскага раёну сталіцы.

Справу разгледзелі, але на бок маці не сталі

«Цяпер у нас сапраўдная бяда, гора, ад таго што Эльвіры няма побач. Мы ўсе спадзяемся, што яна хутка будзе з намі, і што хутка ў нашым доме ўзыдзе сонца», – кажа Таццяна Міронава, маці Эльвіры.

Таццяна з мужам Эдуардам сёння прынеслі ў суд фота і відэа з сямейнага архіву. Каб даказаць, што іхная дачка Эльвіра не ў стане сацыяльнай небяспекі, а добра вучыцца, што яе даглядаюць і з ёй займаюцца.

Як гэта здарылася?

Эльвіра прапусціла большую частку першага класу і перайшла ў другі клас ужо ў школе пры сацыяльным прытулку. З сям’і Эльвіру забрала міліцыя 31-га жніўня паводле пастановы камісіі ў справе няпоўнагадовых. З фармулёўкаю «злоўжыванне бацькоўскімі правамі».

Таццяна Міронава сцвярджае, што чыноўнікі адміністрацыі Фрунзенскага раёну прымусілі яе падпісаць пастанову. Пагражалі, што іначай яна не даведаецца, дзе дачка.

«У пастанове напісана, што мы – бацькі Эльвіры – забараняем ёй хадзіць у школу, не праходзім медычныя абследаванні ў паліклініцы, перашкаджаем адукацыі дзіцёнка, а таксама яна не мае стасункаў з аднагодкамі і знаходзіцца ў сацыяльнай ізаляцыі. Насамрэч усё гэта зусім не так», – зазначыла Таццяна.

Усё пачалося летась

Калі Эльвіра пайшла ў першы клас менскай школы № 212. Таццяна кажа, што не магла мірыцца з кепскімі ўмовамі ў школе, з патрабаваннямі настаўнікаў здаваць грошы. Яна прыходзіла да дачкі штодня і ў выніку пасварылася з настаўнікам ды з бацькамі іншых дзяцей. Дайшло да выкліку ўчастковых міліцыянтаў і штрафаў за дробнае хуліганства. Пасля канфліктаў Таццяна не аформіла дачку ў іншую школу – № 217. І вось дачка ў прытулку.

Забіраць дзіця – гэта скрайнасць, можна было і дамовіцца, і пагасіць канфлікт, лічыць і Таццяна, і сябры, якія прыйшлі падтрымаць яе ў суд.

Аднак, паводле хадайніцтва прадстаўніка камісіі ў справах няпоўнагадовых, суд Фрунзенскага раёну спыніў разгляд справы. Чыноўнікі адмаўляюцца каментаваць справу, Эльвіра застаецца ў інтэрнаце, бацькі перажываюць і рыхтуюцца да далейшага абскарджання.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары