Як у Горадні жыве мікрараён, дзе 40 гадоў не было рамонту


Шмат гадоў жыхары аднаго з мікрараёнаў Горадні спраўна пералічваюць грошы на капітальны рамонт. Толькі вось рамонту дачакацца не могуць 40 гадоў. Больш за тое, мясцовыя чыноўнікі ўжо прапаноўваюць грамадзянам не чакаць ад дзяржавы дапамогі, а ўзяцца ды самым рамантаваць і дом, і двор.

Гарадзенскі мікрараён Фабрычны, скрыжаванне Бакста і Волкава. Тут у двары ціха і спакойна, але варта быць уважлівым: у любы момант на галаву можа зваліцца кафля з будынку. А мо і цэлая сцяна – вось такія шчыліны ідуць праз увесь дом. У дзірах свішча вецер, а ў дождж праз дах ліецца вада. Двары ды пад’езды не бачылі рамонту з дня засялення гэтых дамоў. Спіс праблемаў можна доўга працягваць.

«Гэты год абвесцілі Годам малой радзімы, а па факце на гэтай радзіме 30 гадоў нічога не робяць. Сюды што ўкладваюць? Побач ёсць мікрараён Альшанка, які ўпарадкоўваюць, паказваюць, які прыгожы і дабротны, а кіламетр адсюль вы самыя бачыце, што робіцца», – кажа мясцовы жыхар Барыс.

Праблема датычыць не толькі выгляду дамоў. Праз дах, што цячэ, у дамах зʼявілася вельмі шкодная для здароўя чорная цвіль – яна выклікае шмат якія рэспіратарныя хваробы. А ўзімку ў некаторых дамах тэмпература не падымаецца вышэй за 18 градусаў. Пры гэтым у доме на вуліцы Бакста 8 увогуле адсутнічае гарачая вада.

«Усё мокрае зімою адзенне, што там вісіць, яно цалкам усё ў цвілі. Маленькае дзіця, алергія. Прадстаўнікі ЖЭСу прыходзілі, склалі акт, жанчына прыходзіла фатаграфавала ўсё. Прыйшлі, сказалі, што, можа, выцяжка дрэнная, спраўдзілі выцяжку, сказалі, усё добра. Больш да нас ніхто і нічога не прыходзіў», – кажа жыхарка дому №5 на вуліцы Бакста Таццяна.

Абураны такім становішчам жыхар Аляксандр Лаўрэнцьеў пачаў збіраць подпісы з заклікам да ўладаў развязаць існыя праблемы. Зварот мясцовых жыхароў скіравалі адразу дырэктару гарадзенскага ЖКГ з прычыны таго, што прадстаўнік мясцовага ЖЭСу ўцякаў і ўвогуле адмаўляўся кантактаваць з людзьмі. Праз 10 дзён жыхары атрымалі адказ.

«Улады мне далі, як звычайна, самую звычайную адпіску, што так, яны прызнаюць: з здачы ў эксплуатацыю дамоў нічога не рабілася, але грошай няма, трымайцеся, мацуйцеся самыя. З гэтым адказам я пайшоў у гарвыканкам, там пачуў тое самае, і там увогуле запрапанавалі: бярыцеся жыхарамі ды рабіце сабе двор», – адзначае ініцыятар збору подпісаў Аляксандр Лаўрэнцьеў.

Мясцовыя чыноўнікі цвердзяць, што дамы – ва ўласнасці жыхароў, а значыць, і рамонт, маўляў, рабіце за свае сродкі. Абураныя грамадзяне пытаюць: а дзе ж грошы, якія гадамі жыхары адлічалі на капітальны рамонт? У адказ – цішыня.

Міхась Слаўнікаў, «Белсат»