Пад расейскай амбасадай у Вільні пратэставалі супраць парушэнняў правоў ЛГБТ


У літоўскай сталіцы адбыўся пратэст пад расейскаю амбасадай. Лозунгі гучаць востра і адназначна: «Не – канцэнтрацыйным лагерам для ЛГБТ», «Абарона ад забойстваў патрэбная ўсім», «Гэтак пачынаўся Галакост». Гэта пасыл дэмакратычнага свету для Расеі супраць пераследу жыхароў Чачэніі за сексуальную арыентацыю. Глядзіце матэрыял Насты Ільіной.

ЛГБТ-актывісты і проста неабыякавыя людзі ў межах фэсту «Дні вясёлкі», які праходзіць у розных гарадах Літвы, правялі пікет насупраць расейскай амбасады ў Вільні.

Галоўны пасыл да Расеі – спыніць пераслед, катаванні ды забойства людзей за іхную сексуальную арыентацыю.

«Як такое можа быць у 21-м стагоддзі? Расея, устаньце, падыміце галовы, так не мусіць быць. Чачэнія не мусіць паўтарыцца, у Расеі адбываецца генацыд грамадзянаў. Спыніце гэты генацыд!» – кажа дырэктар «Літоўскай лігі геяў» Уладзімір Сіманко.

На пікеце прысутнічалі актывісты як з постсавецкіх краінаў, гэтак і са старой Еўропы, для якіх парушэнне правоў чалавека паводле гендарнай ці сексуальнай прыналежнасці непрымальнае.

У сваю кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў абвінавачанні ў пераследзе, катаванні ў «сакрэтнай турме» у Аргуне больш за сотні мужчынаў, якіх западозрылі ў гомасексуалізме, зняпраўджвае. 25-га красавіка Рада Еўропы прыняла рэзалюцыю, у якой запатрабавала неадкладна расследаваць выпадкі катавання і забойства прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці ў Чачэніі.

«Спадар Кадыраў дагуляецца хутка да міжнародных санкцый. І да асобнага працэсу супраць сябе. Таму што тое, што мы бачым – афіцэраў з яго атачэння ў забойстве Барыса Нямцова, у забойстве Паліткоўскай, пераслед расейскіх дэмакратаў. Усё гэта мусіць скончыцца», – заявіў дэпутат парламенту Літвы Эмануэліс Зінгерыс.

Расейскае выданне «Новая газета» 1 красавіка апублікавала матэрыял пра масавыя затрыманні і забойствы геяў у Чачэніі. Паводле выдання, у расейскіх спецслужбах гэта называюць «прафілактычнаю зачысткай» у сувязі з планамі ЛГБТ-актывістаў правесці акцыі на Паўночным Каўказе.

«Перашапачаткова інфармацыя пра тое, што людзі там пераследуюцца паступіла да нас з некалькіх крыніцаў. Калі толькі з’явілася інфармацыя, то зʼяўвіўся пэўны сумеў, аднак адразу інфармацыя пацвердзілася ў тым ліку і з сілавых структураў», – распавяла журналістка «Новай газеты» Вольга Баброва.

На пачатку траўня падчас перамоваў з Уладзімірам Пуціным у Сочы канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель папрасіла кіраўніка Расеі «умяшацца ў сітуацыю вакол захавання правоў гомасексуалаў у Чачэніі». Пра гэта ж Расею просяць міністры і шэрагу еўрапейскіх краінаў.

У самой Расеі сабралі больш за 2 млн подпісаў з патрабаваннем афіцыйнага расследавання. Але перадаць подпісы ў Генпракуратуру 11 траўня так і не атрымалася: паліцыя затрымала пяцёх актывістаў.

Наста Ільіна, belsat.eu, фотаздымак на застаўцы да відэа Tomas Vinickas/ Delfi.lt